Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— У мяне такое пачуваньне, быццам мяне зьбілі, — жаліўся фэльдкурат, — ды яшчэ смага… Ці ня біўся я ўчора?

— Да гэтага не даходзіла, пане фэльдкурат. А смага — гэта вынік смагі ўчорашняе. Ад яе ня надта лёгка пазбыцца. Я знаў аднаго сталяра, дык ён у першы раз напіўся трыццаць першага сьнежня тысяча дзевяцьсот дзевятага году, а першага студзеня тысяча дзевяцьсот адзінаццатага году ў яго зранку была такая смага і пахмельле, што ён купіў гарэлкі ды селядзец і зноў напіўся і робіць гэта штодня ўжо больш, як чатыры гады. І ніхто яму рады ня дасьць, бо ён па суботах купляе сабе селядцоў на цэлы тыдзень. Гэта ўжо такі калаўрот, як часам казаў у нас стары фэльдфэбэль у дзевяцьдзесят першым палку.

Фэльдкурат быў да краю прыгнечаны цяжкім пахмельлем. Каб хто пачуў тады яго разважаньні, дык-бы падумаў, што трапіў на лекцыю доктара Аляксандра Ботэка: „Распачнем вайну не на жыцьцё, а на сьмерць з д‘яблам алькоголю, які адбірае ў нас лепшых людзей“ — а хоць узяўся чытаць ягоную кніжку „Іскры Этыкі“, праўда, з некаторымі зьменамі.

— Я разумею, — разважаў фэльдкурат, — калі чалавек п‘е якія-небудзь людзкія трункі, як, скажам, арак, мараскін ці каньяк, а гэта-ж учора я піў яленцавую гарэлку. Дзіўлюся, як я здолеў яе піць. Брыдкі трунак. Хай-бы гэта была, прынамсі, вішнёўка. Вымудраць людзі розную гідасьць ды п‘юць яе, як ваду. У гэтае, яленцавае ані смаку, ані колеру, адно горла дзярэ. Хай-бы гэта, скажам, была сапраўдная яленцавая настойка, якую я аднойчы піў у Маравіі. А ўчорашняя яленцавая была на нейкім дрэным сьпірытусе ці мо‘ на дрэўным алеі… Бачыце, як адрыгаецца? Гарэлка, гэта — атрута, — павёў ён на другое. — Яна павінна быць сапраўдная, орыгінальная, а не згатаваная халодным спосабам яўрэямі. У гэтым сэнсе з гарэлкай тое самае, што і з ромам, а добры ром — рэдкая рэч. Каб была пад рукой сапраўдная арэхавая настойка, яна-б мне паправіла жывот. Такая арэхавая настойка, як у капітана Шнабэля ў Брусцы.

Ён пачаў поркацца ў портманэце.