Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Раптам ён устаў і казырнуў па-вайсковаму.

— Маю гонар далажыць, пане палкоўніку, я п‘яны. Я сьвіньня! — падхапіў ён зараз-жа сьледам за гэтым з адчайнай, шчырай безнадзейнасьцю.

І, зьвяртаючыся да Швэйка, стаў настойліва прасіць і маліць:

— Выкіньце-ж мяне з аўтомобілю! Нашто вы бярыцё мяне з сабой?

Ён зноў сеў і замармытаў:

— Навокал месяцу ўтвараюцца колы. Ці верыце вы ў няўмірушчасьць душы, пане капітан? Ці можа конь трапіць у рай?

Ён пачаў быў зычна галёкаць, адылі раптам стаў сумны і млявы і пільна паглядзеў на Швэйка, зазначыўшы:

— Прабачайце, вашэці, я з вамі ўжо недзе сустракаўся. Ці ня бывалі вы ў Вене? Я памятаю вас яшчэ з сэмінарыі.

Здэклямаваўшы колькі ўрыўкаў лацінскіх вершаў, ён заявіў:

— А далей я ня ведаю, і таму выкіньце мяне вон! Ну, чаму вы ня хочаце мяне выкінуць вон, да д‘ябла? Са мной нічога ня зробіцца, далібог.

— Мне хочацца хлюпнуцца носам у зямлю, — прызнаўся ён рашучым тонам.

— Ах, добры паночку, — мілосна стаў ён прасіць, — даражэнькі мой, дайце мне аплявуху.

— Адну ці дзьве? — запытаўся Швэйк.

— Дзьве!

— Калі ласка!..

Фэльдкурат голасна лічыў аплявухі, якія даваў яму Швэйк і быў бясконца здаволены.

— Эх, любата! — крыкнуў ён. — Гэта карысна для жывата, дапамагае страўнасьці. Дайце мне, калі ласка, яшчэ адзін раз поўху.

— Шчыра дзякую! — сказаў ён, калі Швэйк здаволіў яго хаценьне. — Сыт да краю! Разьдзярыце мне яшчэ камізэльку, прашу вас.

Ён стаў выказваць самыя дзіўныя жаданьні. Так, ён захацеў, каб Швэйк адарваў яму нагу, задушыў яго, абрэзаў яму нагу і вырваў усе кірмашовыя зубы.