Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Нахіліўшы галаву наперад і цягнучы ногі, якія ён блытаў, нібы кошка з перабітай хрыбцінай, фэльдкурат на паўголаса выводзіў „domіnus wobіscum“[1].

Каля месца, дзе стаялі рамізьнікі, Швэйк пасадзіў фэльдкурата пад сьцяну і пашоў згадзіць рамізьніка, каб давёз яго пана дамоў.

Адзін рамізьнік заявіў, што гэтага пана ён добра знае, што ён яго неяк вазіў, ды й пракаяўся.

— Усю фурманку мне запаскудзіў, драўшы казлы, — шчыра апавядаў ён, — і нават не заплаціў за дарогу. Дзьве гадзіны я яго вазіў, пакуль ён нарэшце, знайшоў, дзе ён жыве. І толькі праз тыдзень, пасьля таго, як я разы са тры да яго заходзіў, ён даў мне ўсяго за ўсё пяць крон.

Пасьля доўгіх перамаўленьняў адзін рамізьнік усё-ткі згадзіўся завезьці яго дадому.

Швэйк вярнуўся да фэльдкурата, які ўжо ўправіўся заснуць. Капялюш у яго (ён за-звычай хадзіў у цывільным) нехта зьдзеў з галавы і панёс з сабой.

Швэйк раскатурхаў яго і з дапамогай рамізьніка пасадзіў на фурманку. Там фэльдкурат канчаткова самлеў і, улічаючы Швэйка за палкоўніка Юста, камандзіра 75-га пяхотнага палка колькі разоў узапар пераказаў:

— Ня злуй, таварыш дарагі, што я табе кажу „ты“, бо я-ж — сьвіньня!

Нейкі час здавалася, нібы ад трасеньня ў хурманцы ён троху ачулеў. Ён выпрастаўся і зачаў сьпяваць нейкую нікому невядомую песьню. Можа, гэта быў плод яго ўласнай фантазіі.

Але неўзабаве ён ізноў упаў у поўнае зьнясіленьне і, зьвяртаючыся да Швэйка, спытаў яго, падміргваючы адным вокам:

— Ну, як вы сёньня сябе адчуваеце, васпані?

— А куды вы едзеце сёлета на дачу? — запытаў ён па невялікай паўзе і, бачачы ўсё падвойна, паказаў пальцам на Швэйка. — А бач, у вас ужо дарослы сын?

  1. Госпад з вамі.