Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дарогай ён паведаміў яму, што фэльдкурат паспрачаўся з паручнікам і пашчапаў піяніна: цяпер ён п‘яны, як пласт і ня хоча ісьці дахаты.

Паручнік Хэльміх таксама п‘яны і выпхнуў фэльдкурата на калідор, дзе той і сядзіць на падлозе пад яго дзьвярыма ды тухне. Калі Швэйк зьявіўся на месца, ён раскатурхаў фэльдкурата, а калі той нешта буркнуў і троху расплюшчыў вочы, ён казырнуў і адрапартаваў:

— Маю гонар зьявіцца, пане фэльдкурат.

— А што вам тут трэба?

— Так што загадалі вac завесьці, пане фэльдкурат.

— Значыцца, вы мяне павінны завесьці… А куды-ж мы пойдзем?

— Да вас на кватэру, пане фэльдкурат.

— А навошта мне йсьці да сябе на кватэру? Хіба я не на сваёй кватэры?

— Ні ў якім разе, пане фэльдкурат, вы на калідоры ў чужым доме.

— А яааак я сю… сюды трапіў?

— Так точна, вы прыходзілі ў госьці.

— У гооосьці?.. У го-госьці… я… ня… прыходзіў… Помммыляецеся…

Швэйк падняў фэльдкурата і прыставіў яго да сьцяны. Фэльдкурата тузала з боку ў бок. Ён паваліўся на Швэйка і сказаў:

— Здаецца, я вввалюся. Вввалюся, — пераказаў ён удругое і засьмяяўся дурным сьмехам.

Нарэшце, Швэйк патрапіў прьціснуць фэльдкурата да сьцяны, і той зной зачаў быў дрымаць.

Швэйк узбудзіў яго.

— Што вам трэба? — праказаў фэльдкурат з дарэмнай патугай спаўзьці па сьцяне і асесьці на дол. — Хто вы такі, уласна кажучы?