ОТЭРО
Дарадцы мае вы, прыемна мне чуць
Аб вашай адданасьці, мужнасьці цьвёрдай.
Цяпер далажыць пра другое я хачу, —
Будзёншчына наша, як брудныя вёдры.
Я зараз паставіць хачу на разгляд
Дзяржаўнага зьместу праступак Батуры.
Зьняславіў публічна ён царскі загад,
Ў якім гаварылася толькі пра турмы.
Ніяк дараваць мы ня можам яму,
Караць яго мусіць суровасьць закону;
Павінна зьядаць яна нарасьцяў муль,
Павінна, пакуль не нагоніць аскомы.
Паўстаў ён супроць монархічных сьвятынь
І нейкага хоча краіне збавеньня.
Ён, пэўна, ня ведае нават аб тым,
Што й вецер — вясёлым заўсёды ў завейнасьць.
Павінны сурова караць мы яго,
Каб іншыя гэткай адвагі ня мелі.
Павінны адвесьці у лес ў ланцугох
І там каб ад кулі жыцьцё анямела.
ЛЕЙТЭНАНТ
Я цэлкіх пашлю на расправу стралкоў, —
Прамаху ня будзе ні ў якім выпадку.
Кажу — што я сам сваёй мужнай рукой
Дам выстрал у голаў на самым астатку.