Старонка:Першы паўстанак (1925).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што вам?! — адказала яна матцы з адценьнем нездавальненьня ў тоне.

— Ну, дармо, дармо: — зараз мо‘ прыдзе… памірыцеся, — жартавала матка.

— Я вам кажу, што Коля — гэта чалавек! за ім не прапала-б! — выпаліў урэшце бацька, — шэсьцьдзесят дзесяцін зямлі — гэта маёнтак, мой пане; сам скончыў гімназію, дый апрача таго, не басяк які — сталы розум мае: бацькі й бога не адрокся, з ім і пагаварыць, дык відаць…

— Яго маёнткі мне ня трэба і ён таксама! — рэзка абарвала бацьку Каця.

— Кінь ты, стары, — умяшалася матка, — яны й самі памірацца!

— Каго вучыш? І каго ты абходзіш? Яна ўжо больш за цябе ведае і ў дзесяць раз ужо хітрэйшая ад цябе!.. круціце вы сьветам!.. пачакайце!..

Змоўк стары. У пакоі хвілін на некалькі запанавала ціша. Ніхто не хацеў гаварыць. Усе былі адно другому ў цяжкасьць.

— Лішуся галавы сваёй, калі вы да будзеце мною круціць!. Ну!.. — ускрыкнуў бацька, вылазячы з-за стала.

Пры гэтым ён так лёгка спусьціў к сталу кулак, што матылямі зьляцелі з стала дзьве шклянкі і разьбіліся ўшчэнт.