Старонка:Першы паўстанак (1925).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Не дачакаецеся, каб у труну як найхутчэй палажыць!? — усё тым-жа злым тонам скардзіўся бацька.

— Кіньце гэта глупства! — нечакана для самой сябе зазлавала Каця.

— Пажывіцё без мяне!.. пачакайце!.. — скуліў сваё бацька, — з голаду падохнеце!.. Вы думаеце, што я вам вораг!… але-ж…

— Ну, досыць! — рашуча абарвала яго дачка, — даволі ўжо!..

Хвілін пяць памаўчалі абое. Каця пашла на кухню ставіць самавар.

— Падай мне тытун з вакна! — азваўся першым бацька да дачкі.

У яго галасе яшчэ чулася досыць значная нотка злосьці.

Каця падала.

Стары апусьціў галаву ўніз і сярдзіта засоп у нос. Па ўсім было відаць, што ён меў штосьці сказаць дачцы, але чамусь-та не хацеў, як-бы гэта зрабіць яму стоіла найвялікшай затраты сіл і сродкаў, ні то найвялікшых мучэньняў.

— Няўжо даведаўся, што я ў Комсамол запісалася? — нявольна падумалася Каці, і яна ўздрыгнула.

— Ня бойся… Чаго ты? Вазьмі… ліст табе! — нарэшце сказаў ён, бліснуўшы вачыма ўбок дачкі. У Каці на сэрцы адлягло.