Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Проста вушы прыстойныя вянуць,
Як паслухаеш гэту брыду!“

IV

Стары думае горкую думу,
Смокча люльку сваю і дыміць.
Раптам крыку наробіць ён, шуму:
„А што дзеўка бяз дзела стаіць?“

„Не да смаку, мабыць, наша праца,
Не ў спадобу ржаны каласок?
Не зявай, маляваная цаца!
Далібог, дам граблямі пад бок!“

„Ты зрабілася паняй вяльможнай,
Як у горад вучыцца пайшла?
Без цябе абыйсьціся тут можна,
Можаш сьмела ісьці, скуль прышла!“

Зара ўнучка заплача, здаецца;
Круглы тварык гарыць, нібы жар,
І спрытней за работу бярэцца,
І сьпяшыць, бы забухаў пажар…

Рупнасьць з новаю сілай зьявілась,
Граблі, вілы свой зык завялі;
Да работы вялікая міласьць
У грудзёх забуяла сям‘і.

Рос імпэт, аж завыла салома,
Закружылась, бы рой дзікіх пчол;
Нібы страшна плятуцца заломы,
Нібы ведзьмы шапочуць вакол.

Нібы ладзіцца тут набажэнства
Да бажышчаў сялянскіх турбот;
Мабыць тут з даўніх пор, ад маленства,
Мазоль трэцца, крывавіцца пот.

Ловіш рытм кемных рук у паветры,
Пісаніну на жыце грабель;
Гудзяць вілы таемна пад ветрам,
Хусткі баб мігацяць, быццам бель.

Цела гнецца рухава, упарта,
Разыгралася, рыпае косьць;