Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Першы верш, напісаны ў 1809 г.; ён прадстаўляе сабой самы раньні твор у беларускай літаратуры XІX в., на падставе чаго Земкевіч і лічыць Баршчэўскага хронолёгічна першым беларускім пісьменьнікам мінулага сталецьця. Паводле сьвядоцтва таго ж крытыка, верш мае аўтобіографічную аснову: поэта напісаў яго, закахаўшыся ў нейкую паненку Максімавічоўну, якой ён робіць дакор за тое, што яна кахае іншых:

Ах, чым-жа твая, дзеванька, галоўка занята?
Ці табе не напрыкрылася чужая хата?
На каго-ж ты пазіраеш,
Сваё сэрца прыкланяеш.
Ня будзе тут пуці.


∗             ∗

Прывучыла-ж ты двух хлапцоў, як пташак у сеці.
Яны к табе ў дзень і ў ночы рады прыляцеці.
І ты к ім лятаеш,
Панскі двор пабуджаеш
На вялікі сьмех.


∗             ∗

Прывучыла-ж ты лоўчага, ён-жа і стралец.
І дудар быў некалі і рускі пявец:
А стралец і дудар
Не вялікі гаспадар;
Будзеш бяз хлеба.


∗             ∗

Палюбіла садоўніка, і гэта няўпуць,
Ды ěн-жа слуга гасподзкі, асьцярожна будзь;
Мадамай табе ня быць,
Дзяцей табе ня вучыць,
Відзь ты ня ўмееш.

Верш і па зьместу, і па форме прадстаўляе сабой літаратурную бязьдзелку. Калі мы дазволілі сабе падаць яго поўнасьцю, то выключна з тэй прычыны, што ён мае бібліографічную цікавасьць, як першы беларускі верш ХІХ сталецьця.

Другі верш „Гарэліца" (1843) прадстаўляе сабой падробку пад народныя скокавыя песьні. У ім малюецца селянін-п'яніца, які нават у сьне бачыць парожнюю бочку і рашае потым загуляць, забыўшыся на сям'ю і працу і спадзяючыся на панскую ласку:

А я-ж пану пакланюся: панок, маё гора,
Жыта касіў, сена грабіў цэлы дзень учора.
Вось тут пан прасьціць і міласьць пакажаць,
Яшчэ хлопцу чарку водкі мне прынесьць прыкажаць.