Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

РОМАНТЫЧНАЕ НАРОДНІЦТВА

Найбольш яскрава романтычнае народніцтва выявілася ў чыннасьці Рыпінскага, Баршчэўскага і Яна Чачота.

А. Рыпінскі нарадзіўся ў Дзісеншчыне, у шляхецкай сям'і; У 1831 г. ён прымаў актыўны ўдзел у польскім паўстаньні; з гэтай прычыны пасьля ліквідацыі паўстаньня прымушаны быў уцякаць за граніцу, дзе асталяваўся на жыцьцё ў Парыжы. Як вядома, у Парыжы у той час была цэлая колёнія польскіх эмігрантаў. Жывучы на далёкай чужыне, Рыпінскі не забываецца і на сваю далёкую айчыну—Беларусь. Узварушаны, відаць, успамінамі аб роднай краіне, ён у 1839 г. ў гуртку эмігрантаў чытае свой курс лекцый па беларусазнаўству. У 1840 г. курс вышаў у друк пад назвай "Bіalorus. Kіlka slów o poezjі prostego ludu téj naszej polskіej prowіncjі, o jego muzyce, spіewіe, tancach etc."

Апроч курсу беларусазнаўства, пяру Рыпінскага належыць яшчэ баляда "Нячысьцік" і верш "Ты-ж сам, суседка хацеў", зьмешчаны ў "альбоме Дарэўскага-Вярыгі".

Праца "Bіalorus" належыць больш па свайму зьместу да галіны беларускай этнографіі, чым мастацкай літаратуры але для нас яна характарна, як выражэньне ідэолёгіі аўтара, асабліва яго поглядаў на беларускую мову і нацыянальнасьць. У гэтых адносінах ужо характарна самая назва курсу; яна паказвае, што, на думку Рыпінскага, Беларусь ёсьць нішто іншае, як польская провінцыя. "Гэта Русь, ― кажа ён,―паколькі яна ёсьць і будзе польскаю, складае сабой непадзельную частку нашай дарагой айчыны... Жыве тут просты народ славянскага племя, які здаўна цесна парадніўся з сям'ёю ляхаў, — сумленны, але убогі і мала вядомы, нават уласнай айчыне яго—Польшчы, хоць ён і любіць яе вышэй за ўсё".[1] Даўгі час,―кажа далей аўтар,―народ гэты быў прадметам спрэчкі суседзяў, але застаўся цэлым, потым ён абабраў сабе нарэшце Польшчу за маці, кінуўся разам з Літвой у яе апякунскія абдымы і прытуліўся да яе з усім сыноўскім замілаваньнем". Будучы гарачым польскім патрыотам, Рыпінскі адначасна выяўляе ненавісьць да ўсяго рускага; нацыя, меўшая ўжо тады Пушкіна, з яго пункту гле-

  1. Пыпин. История русской этнографіі. Т. ІV, СПБ 1892, стар. 42.