Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/192

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Поэта злосна абураецца супроць рэнэгатаў, якія зрадзілі роднай краіне; ён пасвойму тлумачыць сэнс Літоўскай Пагоні; успамінаючы пра гэты старадаўні гэрб Вільні, які прадстаўляў сабою "Ваякаў на грозных канях", пясьняр задумляецца над тым, куды сьпяшаюцца гэтыя ваякі; ён пытае:

Мо' яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі у здагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон.
Бійце ў сэрцы іх—бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай краіне баліць... (106)

Ня раз поэта вылівае перад намі гэты боль свайго сэрца па айчыне і адначасна ён выказвае сваю глыбокую веру ў беларускі народ, у яго потэнцыяльна багатыя духоўныя сілы.

Народ беларускі—гэта дыямэнт каштоўны, які засьвеціць усімі праменьнямі вясёлкі, калі ўстане сонца і "прачнецца дух народны" (182); у другім месцы жыватворчая сіла народнага організму прыпадабняецца да насеньня, якое захоўвалася "сярод пяскоў Эгіпэцкай зямлі" і праз тысячы год выявіла сваю жыцьцёвую сілу (204).

У грамадзкім аспэкце лірыкі Багдановіча мотывы нацыянальныя, як і ў творчасьці іншых нашаніўцаў, злучаюцца з соцыяльнымі. Увага песьняра ня раз спыняецца на ўсіх прыгнечаных і абяздоленых. Душы прыціснутых лёсам для яго гэта—студні са сьлязамі (197). Маляўніча зарысоўвае ён эканамічнае разбурэньне вёскі дарэволюцыйнага часу:

...Панураю чаргой
З абох бакоў крывой і вузкай вулкі хаты
Стаялі—шэрыя, струхнеўшыя; як латы,
Віднеліся ў сьцянах сьляпыя вокны іх.
І аж чарнелася салома стрэх гнілых.
Ўсе руйнавалася, старэла, адмірала,
І мала што вакол хоць трохі аздабляла
Вясковую нуду... (216-217)

Пясьняр выказвае абурэньне супроць нягоднага соцыяльнага ладу, які ўсюды правёў межы і платы; за гэтымі платамі туліцца галодны і абдзëрты народ, бязвыхадны стан якога не адпавядае яго надмернай працы: