Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сваім тварам зьвязаны яшчэ з мінулым, у яго мы знаходзім яскравы выраз шляхецкай псыхолёгіі, — нахіл пасьмяяцца з селяніна, пэўную ідэалізацыю мінулага, адсутнасьць рэволюцыйных мотываў. Але адначасна, як народнік новай формацыі, Ядвігін Ш. вострым аналізам выкрывае соцыяльнае зло—беднасьць і эксплёатацыю. У гэтым заключаецца найбольш каштоўны элемэнт яго творчасьці.

Насычанасьць соцыяльным зьместам надае ідэёва-грамадзкае значэньне творчасьці Ядвігіна Ш. Апроч таго, гэта творчасьць мае і пэўную формальна-мастацкую вартасьць.

Нашаніўскі пэрыод беларускай літаратуры, як вядома, асабліва багаты быў на поэзію, пераважала малая форма лірычнага вершу. Ядвігін Ш. выступае, як адзін з першых стваральнікаў беларускае прозы, як беларускі бэлетрысты, прычым формальна-мастацкія прыёмы яго у данай галіне вызначаюцца пэўнай рознастайнасьцю.

Папершае, зьвяртаюць на сябе ўвагу композыцыйныя прыёмы пісьменьніка. Архітэктоніка апавяданьняў яго вызначаецца яснасьцю і лёгічнай паступовасьцю. Большаю часткаю сустракаецца ў Ядвігіна Ш. эпізодычны тып композыцыі з біографічным стрыжнем; паасобныя падзеі разгарнаюцца ў хронолёгічнай паступовасьці і групуюцца навокал галоўнага персонажу, прычым, фабульная і сюжэтная лініі супадаюць. Але адначасна досыць характарным для пісьменьніка зьяўляецца і тып новелістычнай композыцыі з момантамі завязкі, нарастаньня дзеяньня і разьвязкі. Паводле такога тыпу будуюцца апавяданьні "Гаротная", "Шчасьлівая", "Зарабіў", "Зарабляюць".

У апавяданьні "Гаротная" завязка, у якой дана апісаньне забабонных лекаў, адначасна прадстаўляе сабою і абрамляемы мотыў. У рамку гэтага мотыву на падставе прыёму ўспамінаў устаўлены эскіз жыцьця гаротнай і трагічная разьвязка — сьмерць апошняга сына ад лекаў. У гэтым апавяданьні, найбольш складаным паводле сваёй пабудовы, у Ядвігіна Ш. мы знаходзім перакрыжоўваньне двух плянаў: мінулага і сучаснага, композыцыя тут не супадае з дыспозыцыяй. У апавяданьні "Шчасьлівая" ў самым пачатку даецца экспозыцыя характару галоўнага персонажу, гэта экспозыцыя — абмалёўка сквапнасьці на грошы і мараў а багацьці—адна-