Хвілін цераз дзесяць зашумела бяседа, загула, залілася сьветлай радасьцю вясновага дню.
Паляцелі гадзіны адна за другой, як хвалі шумнацечнай ракі… Госьці гадзін ня лічылі…
Няпрыкметна і вечар чорнакудры пад сінія вокны падкраўся, а госьці ўсё шумелі і шумелі, гутарылі.
Некаторых нарэшце і змора браць пачала.
Раптам узьняўся Скарына.
— Другі паважаныя! зьвярнуўся ён голасам зычным да грамады, — я маю зараз сказаць вам адну надзвычайна цікавую рэч. Я знарок адлажыў быў яе надалей і не сказаў спачатку…
Усе схамянуліся. Пахіліліся да прамоўцы. Замёрлі ў чаканьні.
— Я сёньня, — працягваў далей Скарына, —дагаварыўся з Троіцкім кляштарам!.. Зрабілі згоду!..
Кляштар нам дае сродкі на выдрукаваньне кніжак… Сродкі, праўда, невялічкія, як-бы для спробы, але я спадзяюся, што з цягам часу гэты кляштар стане для нас самым карысным сябром!
— Віват!.. Доктар, віват!.. няхай жыве адукацыя! — грымнула грамада.
— Доктар!… друг паважаны! — усхвалёвана гаварыў Якуб Бабіч, вітаючы Скарыну з посьпехам і цалуючыся з ім, — вы вялікі чалавек!.. Чым і як дзякаваць, вам!?.
—Няхай жыве Скарына! — крычаў і Мітвох, — няхай жыве Deutchland (Нямеччына)!..
Абарваўся голас. Мітвох закрыў далонямі твар і прынік к сталу…
— Няхай жыве беларускі друк! — грамовым маладым голасам ускрыкнуў усьлед за Мітвохам і Даніла, — ён павінен жыць, ён будзе жыць!!. Няхай жыве разам з ім і кіраўнік наш Скарына!..
— Няхай жыве!..
— Няхай жыве!..
— Няхай…
— …Жыве!.. Няхай… жыве!.. — крычалі ўсе.
— І ўноў усё захвалявалася, зашумела, загуло…
Толькі прыблізна каля поўначы госьці разыйшліся, бяседа замёрла.
Скарына прышоў дадому, калі ўсе ўжо спалі. Сам запаліў лямпу і на момант прысеў да стала.
Нечакана штосьці назойліва заварушылася дзесьці глыбока ўнутры: ні то сум чорны агідна ўзварухнуўся, ні то крыўда