— Хадзем, доктар, да мяне, — сказаў, па хвіліне задуменьня, бурмістр.
Скарына пакінуў працу, і яны ўдваіх, гутарачы паміж собку, вышлі.
∗ ∗
∗ |
— Хадзем, Цімох бот купляць, — гаварыў Мітвох да другога свайго сябры, калі яны ўсе ўтраіх выходзілі з друкарні, каб ісьці папалуднаваць.
Цімох, здаравенны белабрысы хлапіна, спачатку пачухаў патыліцу, хаўкнуў разы два, гледзячы на сонца і, урэшце, апатычна прамямліў:
— Хадзем. Чаму-ж не?…
Пашлі.
Пасьля полудню Мітвох прышоў у друкарню з новымі ботамі.
Даніла, насупіўшыся, ужо працаваў.
— Ну, ях мой бот? — спытаўся у яго Мітвох.
Той узяў нехаця ў рукі адзін бот, пакамячыў яго крыху, паціскаў пальцамі падашву ды моўчкі паставіў да сьценкі.
— Ну, як? — боязка ўноў спытаўся Мітвох.
— Колькі ты заплаціў за іх?
— Рубель.
— Я лапцей добрых за іх ня даў-бы!.. куды яны варты, — зайздросьліва ацаніў іх, урэшце, Даніла, — куды галянішчы варты?.. Мядзьведзю іх толькі насіць: якраз яму па назе будуць!.. А-а-а-х!..
І ўжо амаль-што да самага вечару друкары працавалі моўчкі: Даніла з Мітвохам нібы-то пасердзіліся, а Цімох, наогул, заўсёды любіў маўчаць.
— Чаму-ж ты ботаў з сабою не бярэш? — сказаў толькі Даніла, адыходзячы ўвечары дадому і заўважыўшы, што Мітвох хавае іх у друкарні.
— Не хачу… баюся, каб на кватэры ня ўкралі.
— Ну, як сабе хочаш? — холадна-ніякава адказаў Даніла, замкнуў на замок дзьверы друкарні, і ўсе ўтраіх разыйшліся хто куды.
IV.
Лёгкай хмаркай праляцелі два дні; быццам іх і ня было.
У пятніцу к поўдню друкары скончылі набор кніжкі У друкарню пазьбіраліся розныя магнаты беларускія, мэцэнаты. У майстэрні запанаваў вясёлы прыўзьнята-святочны настрой.