мая справа сукромная: памаліцца за душы нашы грэшныя… гэта так…
— Паважаю гэта, — ветла сказаў Скарына, але бачыце, цяпер сьвет стаў крыху інакшым, як быў раней, цяпер людзі пачалі навучацца прамудрасьці рознай жыцейскай… Я быў на Захадзе… Там народ жыве інакш ад нашага, у многа крат лепей… Там многа вучоных, нават людзі паспалітыя, простыя, там шмат праўсьпяялі ў навуцы, а ў нас — цемра. А нявучоныя людзі — гэта тая-ж самая жывёла, толькі-што душа ёсьць, але душа гэта… сьляпая… Вучоны чалавек і жыцьцё сваё ўмее лепей утварыць… Ад нявучонасьці шмат зла на сьвеце і несправядлівасьцяй…
Вось я і думаю, што і ў нас ужо пара пачынаць вучыць люд. Патрэбна шмат кніжак… таму і залажыў я тут сваю друкарню… Хай сеюцца веды… Хай будзе сьветла і прыгожа і ў нашай старонцы.
Спыніўся. А айцец Анісім, схіліўшы на бок голаў глыбока аб чымсьці думаў. Не варушыўся. Сядзеў, нібы зачарованы.
Скарына казаў далей:
— Я маю друкарню, я маю майстроў, а вы дапамажэце мне сродкамі?.. Наконта прыбытку, я думаю, мы таксама згодзімся.
— Ха!.. — бы ад сну абудзіўся айцец Анісім, — а нашто-ж вам люд праваслаўны?. вы-ж католік?.. Нашто, мы мы вам?!. Га?!.. вучэце католікаў?!..
Гэтыя словы былі так шчыра-фанатычна і ў той-жа момант нечакана сказаны, што ў Скарыны адразу па ўсіх нэрвах драпанула і па твары забегалі цені адна хмурней другой.
Аднак, ураз-жа аправіўся. Усьмешка скрывіла вусны. У вачох бліснуў аганёк.
— Дык, па вашаму, я ня маю права для свайго народу працаваць?! — адказаў Скарына запытаньнем і бліжэй нахіліўся да ігумена.
— Хэ-хэ-хэ! — кпліва захіхікаў айцец Анісім, — якое-ж тут права, калі вы самі, па сваёй уласнай ахвоце, зракліся гэтага «люду паспалітага», зракліся яго веры!..
— Дазвольце, айцец ігумен, — абарваў яго Скарына, — бог — адзін, але-ж там… а, урэшце, — гэта мая асабовая справа!.. А калі хочаце ведаць, чаму я перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва, то дазвольце вам паведаміць, што гэта было тагды модным, як і цяпер, я быў маладым, але самае галоўнае. гэта мне трэба было атрымаць асьвету вышэйшую ў Кракаўскім унівэрсытэце, а праваслаўных туды ня прымалі… але цяпер гэта каталіцкасьць для мяне ня мае аніякага значэньня…