(Аповесьць).
I.
Тысяча пяцьсот трыццаты год быў суровым, сумным і страшным для усёй Беларусі і асабліва для гораду Вільні. Памятка аб ім надоўга засталася ў памяці людзей якойсьці чорнаю, непазбытнаю ды зьзяючаю плямай — ранаю…
Вясна ў гэтым годзе прышла раньняя, захапліва-радасная, пышная.
Шмат гадоў прайшло з таго часу, як бачылі беларускія палеткі такую магутную ды дзівосна-пульхную зеляніну. Зялёныя лугі, бясконцыя бы мора, усьміхаліся кветкамі, зьзялі мітульгой рознастайнай. Жыты, як хмары ў небе, вайдаваліся, плылі.
Радасьць людзей была бязьмежнаю: усе чакалі багатага жніва, вялікага ўраджаю.
Дні ішлі спакойныя, ціхія, нібы ў вырай журавы плылі.
А сонца прыпальвала ўсё мацней ды мацней.
Гэтак адсьмяліся, адцьвілі цэлыя тыдні, а на небе не паказалася ніводнага воблачка.
Пачаўся сухмень.
Занепакоілася, захвалявалася бяднота вясковая, замшавелыя вёскі нямы жах абхапіў.
А багатая Вільня, тым часам, жыла спакойна, весела, бястурботна. Сьпякоты дзён зьмяняліся сінімі вечарамі, пахучымі ды мяккімі чарнявымі начамі. У гэтыя ночы ў небе зоры