Старонка:Ластоўскі Андэрсэн.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мову, складзеную з самых трудных слоў, даводзячы, што птушка пяе таксама прыгожа, як і перш, і кітайцы згодзіліся з тым бо каб пярэчыць, трэ было выражацца труднымі, вучонымі сказамі, а гэта магло-бы выявіць, што яны не так мудры як здавалася.

Прайшло з тэй пары пяць гадоў. Кітай спаткала вялікае гора. Кітайцы ўсе любілі свайго цара, а тут, захварэў цар, і дактары казалі, што ён не ачуняе. Дваране выбралі сабе ўжо новага цара, а народ стаяў перад палацам і пытаўся царскага дамавера, як здароўе старога цара.

— „Гм“—адказаў дамавер і ківаў галавою.

Сьцюдзёны і памярцьвеўшы лежаў цар у сваей вялікай, багатай пасьцелі; ўсе прыдворныя лічылі яго памёршым, і кожды бег на паклон новаму цару. Чэлядзь бязупынна гутарыла аб гэтай прыгодзе, а да пакаёвак набралася поўна гасьцей. Усе падлогі былі пакрыты сукном, каб не чутно было поступу і дзеля гэтага ў палацы было вельмі ціха-ціха. Але стары цар яшчэ не памёр: ён толькі лежаў, непарушна, безўладна ў сваей царскай пасьцелі прыбранай аксамітным полагам, з вялікімі залатымі кутасамі; акно было адчынена і месяц сьвяціў на цара штучную птушку.

Бедны цар ледзь дыхаў, і яму здавалася, што нехта сядзіць у яго на грудзёх. Ён разплюснуў вочы і ўбачыў, што запраўды на грудзёх яго сядзела сьмерць: яна надзела на сябе залатую карону і трымала ў аднэй руцэ яго залатую шаблю, а ў другой—яго пышны сьцяг. Зпа-за фалд аксамітных полагаў пасьцелі выглядала шмат нейкіх дзіўных твараў:—адны—агідныя другія—мілыя і спакойныя.