Пр. асьв. Слухайце, паненачка! Я вас прашу пакінуць размову аб політыцы!
Марыся. Не падабаецца?.. Праўда коле вочы?..
Пр. асьв. Проша мільчыць!
Марыся. Даруйце! Не паслухаю!.. Сабраў гэтых абяздоленых сялян, падкупіў дурную бабу Макрыну і дым пушчае ўсім у вочы, што ў вас польская кроў, Польшча да Смаленску!.. Не, мой паночку! Польшча не да Смаленску, а да ракі Буга!
Пр. асьв. Вам трэба школы?
Марыся. Трэба.
Пр. асьв. Давайце будынкі!
Марыся. Я будынак дала, вам гэта ведама!
Пр. асьв. Дзе ён?
Марыся. Па сьмерці бацькі мне ў спадчыну дастаўся дом… я хачу дом гэты аддаць пад школу, мне не даюць! А зямлю хачу аддаць ім…
Пр. асьв. Вы супроць уласнасьці?!.
Марыся. Кажу гэта перад усімі!
Пр. асьв. Значыцца, вы агітуеце за комуну?
Марыся. Так!
Пр. асьв. Я вам забараняю!
Марыся. Не забароніце! Праўда на нашай старане!
Пр. асьв. (у гневе). Мяцежнікі, вон адсюль!..
Селян. 1-ы. Чакайце, пан! Як гэта вон?.. З нашай зямлі?
Пр. асьв. А так, прэч!
Марыся. Самі ідзеце прэч, нахлебнікі!