ўздоўж чыгункі, вяжучы сабою вёскі з гарадамі, мінулае з наступным…
Другі дзень ён сядзіць у цесным душным вагоне і, здаецца, што ў тым нічога асаблівага. Сядзеў у сваёй хаце, сядзеў у балагольскай будзе, пасьля перабраўся ў майстэрню заводу, а адтуль у астрожную камеру, а далей у майстэрню Шульца. А за гэтым? Вылезе з вагона і трапіць зноў ці ў завод, ці ў контору.
Рыгор вострымі ўзрокамі ўстраміўся ў зялёныя галы палёў. Яны хутка мігалі, адбягаючы назад, туды, адкуль ён аддаляўся.
Ён выразна адчуваў вялікую воддалеч ад пакінутага месца. Вось-вось абдым гарадзкога жыцьця захопіць яго ў свой вадакрут. Мільённы горад захавае ў хвалях разьюшанага натоўпу — і схавае сабою Смагін і Памыйку, Шульца і Лібу.
Вось паказаліся пад задымленым небам шэрыя абрысы фабрычных комінаў.
— Мы, напэўна, пад’яжджаем да Пецярбургу? — між іншым запытаў Рыгор яшчэ не ахаенага ад сну суседа.
Той паглядзеў на гадзіньнік і адказаў:
— Калі ня позьнімся, то праз гадзіну будзем у Пецярбурзе.
— Прыяжджаем а дзевятай? — запэўніўся Рыгор.
— Так… Калі ня позьнімся.
Набліжэньне да Пецярбургу ў вагоне падняло сумятню. Пасажыры заварушыліся, забегалі па калідоры ўзад ды ўперад. Застукалі куфэркі. Пацягнуліся да вокан, узьняўшы перадпрыезную гутарку.
— Вунь Пулкава, дзеці, — прарэзьліва гукнула на весь вагон якаясьці жанчына.
Некалькі дзіцячых галасоў зьліліся ў радасным выгуку:
— Пакажэце, мама!
Хутка ў Рыгоравым ваччу вырас на ўзвышшы белы будынак, ахутаны густою зелянінай садоў. Сьледам цягнік прайшоў станцыю Пулкава.
Веяла Пецярбургам.
Рыгоравым нутром бегаў ні-то халадок зьдзіўленьня, ні-то подых асалоды.
Узвышаны настрой зьмяніўся трапяткім уздымам, калі з-за пулкаўскіх гор вынырнулі жалезныя рыштаваньні Пуцілаўскае вэрфі. Цёмным пераплётам крыжавалі яны паветра на фоне каламутна-белаватага неба. Рыгор ня мог устаяць на адным месцы і рупліва пераходзіў з боку на бок вагона.