мяхоў. Бяссонная ноч не пакінула сьледу на яго рухавасьці. Ён не адчуваў жаднае ўтомы, ніякага суму. Працаваў старанна, з упартай заўзятасьцю. Ім заваладаў некі асаблівы імпэтны настрой. Дзякуючы гэтаму настрою, кожная рэч, што праходзіла праз яго рукі, здавалася яму блізкаю, неад’емлімаю часьцінай яго істоты.
Памыйка падмячаў стараннасьць і дзівіўся, паглядаючы на таварыша. Але маўчаў.
Чамусьці гэтай раніцой насупярэч звычайнаму, усе маўчалі. Нават калі з майстэрні выходзіў Шульц, ніводзін з іх не выкарыстоўваў выпадку для гутаркі. І пасьля сьнеданьня, і пасьля абеду, наогул, увесь дзень амаль ніхто ня выраніў слова.
Тым ня меней, ён прайшоў для Рыгора хутчэй за другія.
Пакінуўшы майстэрню, Рыгор адчуў вострае жаданьне прайсьціся ў поле, і запрапанаваў гэта Памыйку.
— Чаму не, — згадзіўся той: — Зойдам да Сімена, запросім Рудольфа і разам… Але-ж павячэраць трэба…
— А я і без вячэры, разумееш…
— Няўжо так смачна ў абедзе накармілі? Ці ты аброкся сёньня пасьціць?
— Як табе сказаць… Аброку даваць няма каму… Праўдзівей, ня хочацца чамусьці…
Усё-ж ён згадзіўся з Памыйкам і пайшоў на кватэру.
Вячэра адняла болей гадзіны. Гэтым часам на дварэ пачало хмурыцца, і цяга да поля ў Рыгора аслабела. Але калі да яго зайшлі Памыйка з Сіменам, Рыгор ахвотна выйшаў з імі.
— Можа Лібу запросім з сабою? — запрапанаваў ён.
Хлопцы згадзіліся.
Рыгор вярнуўся ў карчму і праз хвіліну выйшаў з Лібаю.
Яна ішла і аглядалася назад, чуючы нездаволеную гутарку мацеры. Гэта яе асьцярога паслужыла тэмаю для кпінаў з Лібы. Ліба злавалася і некалькі раз асякала хлопцаў востраю лаянкаю. І толькі калі намерылася вярнуцца дахаты, хлопцы суняліся.
— Досыць вам! — папікнуў Рыгор.
— Просім выбачэньня! — абярнуўся Памыйка да Лібы.
Каб згладзіць ніякавасьць, гутарка была пераведзена на іншую тэму. Памыйка перайшоў да пагоды — якраз насувалася хмара і раз-по-разу зьмяіліся ў ёй празрыстыя маланкі.
— Нам не шанцуе, — паскардзіўся ён.