— Што там гэткае? — абярнуўся адзін з іх да Рыгора.
— Ня ведаю, браце.
Хлапчукі сарваліся з месца і панясьліся стралою ўбок пажару.
Рыгор паскоранай хадою пайшоў усьцяж ціхае вуліцы.
Вярнуўшыся на кватэру, ён застаў яе незапёртаю. Яго ўкрадчывы ўваход не прайшоў незаўважаным з боку старога Крамніка.
— Гэта вы, Рыгор? — праверыў ён Рыгора з бакоўкі.
— Так, я.
— Што там за страляніна была, скажэце? — пацікавіўся стары.
Рыгор расказаў карчмару пра гісторыю з галавешкаю ды вядром і цішком прайшоў да сябе.
У акне яго пакою яшчэ сьвяціўся патухаючы промень пажару, але поўнач брала сваё. На вуліцы, як і ў карчме, аднавіўся перадпажарны спакой.
Рыгор цішком разьдзеўся і ўлёгся ў ложак. Нядаўная санлівасьць яго пакінула, і ён доўга нэрвова вярцеўся з боку на бок, ніяк ня могучы заснуць. Толькі на золку яго адолела змора.
І тых дзьве гадзіны, што асталіся да гудку, ён праспаў, як забіты.
Ён не прачнуўся-б сам, хоць-бы стралялі над ім з гармат. Усё-ж праспаць працоўны дзень было залішняй роскашшу, і Ліба ўзяла на сябе сьмеласьць яго абудзіць.
Асьцярожлівы яе стук мусіў перайсьці ў гучныя ўдары, пакуль Рыгор адазваўся.
— Пара ўставаць, Рыгор Міхасевіч! Чвэртка восьмае.
— Так позна?
— Пазнавата, як бачыце.
Рыгор сьпешна адзеўся і выйшаў з пакою.
Настрэчу яму Ліба несла сьнеданьне.
— Назад, назад, таварыш, — кранула яна Рыгора тацаю.
Лыжка забарашчэла па шклянцы і вымусіла Рыгора пасобіць Лібе прытрымаць тацу.
— Яшчэ бяды набяруся.
— Толькі таго! Я ня гэтага баюся…
— А чаго? — зьдзіўлена запытаў Рыгор.
— Хаця-б учарашняя гісторыя не пацягнула за сабой дрэнных вынікаў.
— Вы ўжо пачулі?