Памыйка спагадліва паглядзеў на сур’ёзны, задуменны твар Сроля і прамаўчаў.
— Ну, а па-твойму, Павал?
— Па-мойму?.. Па-мойму… Я не паеду — гэта першае; а табе… магчыма Рыгор праў… каціся ў Вільню… Усё далей ад Сібіру ці Архангельску…
Ён уголас зарагатаў, пасьля раптам стрымаўся.
— Я люблю цябе, Павал, за тваю бясьпеку… Але — давай бяз жартаў…
У гэтым Сролевым сказе і Рыгор і Памыйка адчулі лёгкае нутранае ваганьне — няпэўнасьць у тым, адобрываюць хлопцы яго намер ці толькі выспрабоўваюць яго цьвёрдасьць.
— Я магу гэтак і так, — дадаў Сроль.
— Ня можа быць іншага выйсьця — едзь, — у адзін голас пастанавілі Рыгор з Памыйкам.
І рашучасьць іх слоў мігам адбілася на Сролевым твары: хлопец ураўнаважыўся, заспакоіўся і перайшоў да іншых пытаньняў.
— Архіў і пячатку я пакіну ў Сімена Галаса… Надзейнейшы чалавек… Кравец з майстэрні Шамеса… Яго Павал ведае. Я скажу, каб ён да Рыгора прыйшоў. А вы, браткі, глядзеце за організацыяй… Ты, Павал, асабліва… Рыгору пакуль нельга адкрыта, а ты…
— А мне пляваць… Чым даражыць?..
— Як-бы сабе ні было, а жыўцом аддавацца ў рукі — ня сьлед… Ды ты ня так поліцыі патрэбен, як ёй патрэбна спаралюшаваньне твае працы.
— Мы ўжо паспыталі гэтага, кажаш, не навіна, — пасьмяяўся Рыгор…
— Як-бы сказаць…
— А калі едзеш і з кім?
— Я на змроку забягу да Крамнікаў… Трэба зрабіць так, каб як найменш людзей ведала пра гэта…
Хлопцы заўважылі Шульца і вярнуліся ў майстэрню.
— Пара, хлопцы, да варштату, — паслаў Шульц ім удагон і, азірнуўшыся навакол, дадаў… — Нечага загаворы ладзіць…
— Ідом! — праказаў Памыйка…
— Пільная праца: сячкарню з маёнтку прывязьлі рапараваць… На сёньня павінна быць гатова… — папярэдзіў Шульц і зацікавіўся кустамі.