— Л-ліб-ба-а! — праказаў ён і павярнуў аслабшую галаву направа.
— Сроль, браток мой!.. — Пятрусь! — выгукнула з перапалохам Ліба і стала шукаць узрокамі Пятруся.
Крануўшы грузавік і частыя адстрэлы яго седакоў заглушылі Лібін воклік і разьвеелі колкую ўражлівасьць ад забойства Сроля.
Яна ўдвойчы ўспомніла пра яго тады, калі праехалі Тучкаў мост; але новыя стрэлы на рагу Вялікага проспэкту і ператочнай яму вуліцы зноў разьвеелі яе думкі. Шэры дымок толькі адляцеў на ўзровень вокан першага паверху, як грузавік упёрся ў разьнятыя рукі пераняўшага дарогу натоўпу.
— Ліба Шлёмаўна! — пазваў Пятрусь. — Ву-унь Рыгор!
Улева, каля ганку рагавога дому, ляжаў чалавек. Пры ім стаяў Рыгор з рэвольвэрам у руцэ. Ён упарта глядзеў на забітага…
— Рыго-ар!
— Рыго-ар Міхасевіч!
Рыгор крута павярнуў на воклік і сьледам быў каля грузавіка.
— Ты чаго тут?
— Васіля Берага сустракаў!
— Васіля Берага?!
— Так, з-пад мосту выцягнулі і народным судом… у царства продкаў… — А ты яшчэ не дазваляла браць рэвольвэра!.. Цудная! Якраз да часу…
— Магчыма! Няхай будзе адплатай за сьмерць Рэзьніка.
— Сроля забілі? — узрушыўся Рыгор.
— Вось толькі што пакінулі яго па той бок мосту… Я праехала з вярсту на грузавіку і не заўважвала яго, а раптам… стрэлы… Ён выпаў з машыны і я чую ўмольны позыў з акрываўленага сьнегу…
Залапатаўшы грузавік падагнаў Рыгора ўскочыць на яго і разам з Пятрусём ды Лібай ехаць далей.
— Няхай жыве рэволюцыя! — Далоў самадзяржаўе! — гукаў ён праз некалькі хвілін пасьля паведамленьня пра забойства Рэзьніка.
З перанятага іх стрэчнага грузавіка адгуквалі:
— Прывітаньне ад прэабражэнцаў!