Многамільённая армія разгубіла сваю сілу ў голадзе ды холадзе, у хваробах ды вайсковай непадгатаванасьці. Паступова адзнаная ёю непатрэба, бязмэтнасьць і праступнасьць вайны падмацоўвалася шпаркім поступам абядненьня, руйнаваньня краіны.
У шырокіх гушчах зблытаных вайною людзей вырасла магутнае пачуцьцё протэсту… Гэты протэст калыхаўся над зямлёй пакуль нявыяўна і скрытна, але ачула і магутна. Ім нясло ад многалікіх чэргаў на вуліцы сталіцы, яго дэмонстравалі непарыўныя забастоўкі рабочых, ён глядзеў са сьцен казарм, напоўненых апошнім рэзэрвам здаровых людзей, ратнікамі другога разраду.
Гэты протэст прасочваўся ў белых плямах газэт, у разбураным чыгуначным руху, за сахою ў полі, на лазарэтнай койцы…
Нарэшце, першага лістапада, у залі Таўрыцкіх палацаў, напалоханы яго ўздымам, правадыр буржуазіі Мілюкоў паднёс яго сьляпым, адраньцьвелым ценем з прыдворных сфэр.
То быў бляск у чорнай ночы, які не разагнаў цемені, а разварушыў яе жыхароў… Разьюшаныя здані доўгае драпежнае ночы занасіліся ў шалёнай завірусе сударжнага кананьня… У пераддзенным змроку адбывалася чортава вясельле, ачмуцелае ігрышча, ведзьмін карагод, які адначасна высосваў апошнія сокі краіны…
Як у сьмярдзючай бросьні, танулі ў гэтай ночы ўзмоцненыя гутаркі пра замірэньне. Той, хто сударажна ўтрымліваў выканаўчую ўладу, губіў чуласьць і розум, другі, каторы прогся яе палудзіць буржуазнай грамадзкасьцю, ня меў сілы пераняць пропозыцыі…
Абоіх трасло нэрвовае чаканьне выступу Амэрыкі. Яе пасрэдніцтва ў міравых пропозыцыях калола безнадзейныя сэрцы атрутнымі іголкамі…
Калі-ж, ды калі-ж, нарэшце, выступіць Амэрыка?
Над буржуазіяй павісла гэтае трывожнае запытаньне і побач — наступны бязмоўны адказ: «Дазвольце, для гэтага знойдзецца рада —
«Грамадзкасьць»…