Ужо па яго сьлядох нясьліся іх клапатлівыя плянаваньні наконт гэтага.
Пятрусь абумаўляў сябе перад Рыгорам дэклярацыяй аформленьня Сёмкавай справы. Рыгор дапаўняў Пятрусёва дбаньне сваімі меркаваньнямі.
— Я прызнаюся табе, што я не ўяўляў Сёмкі ў гэткім стане, як зараз стрэўся… — казаў Пятрусь. — Мабыць-жа, калі гляджу на яго, а жаднае адзнакі, што перада мною Сёмка… І толькі ўвайшоўшы ў пакой… — ёкнула сэрца… Шкада мне яго!
— Чалавек, сапраўды, напакутваў апошнім часам… Трэба моцную волю, каб устаяць пад дажджом няшчасьцяў, якія на яго пасыпаліся… Я помню, якім прыехаў ён да мяне… Жабрак… Потым сьмерць бацькі, Волькі, пераезд у Пецярбург… Чалавеку…
Абодвых, і Рыгора, і Пятруся, рашчуленыя сэрцы моцна адбывалі ўзгодненую музыку спачуваньня Сёмку, калі раптоўны выгук гаспадыні крута абарваў іх:
— Да вас, Рыгор Міхасевіч!
Блішчастыя гузікі гарадавіка запярэсьцілі ў ваччу мужчын.
— Вам што ад нас? — запытаў Рыгор, ускочыўшы з месца.
— Я… бачыце… Толькі што на Сярэднім проспэкце зарэзаны трамваем чалавек… Па дакумантах — Сёмка Хведараў Загон… Перад скананьнем прасіў паведаміць… ізвольце наведаць поліцэйскі вучастак… для допыту.
— Як?! Што-а?! Дзе-э?!
Сухія жорсткія словы гарадавіка затраскацелі шротам у Рыгоравых ды Пятрусёвых вушох, мярцьвілі іх вусны і глушылі іх, пакуль яны не ачуліся на вуліцы… Гарадзкі грукат разбавіў балючую нечаканасьць шаломнасьцю свае зацяжнай аднастайнасьці…
Пад гэтым грукатам ніклі і ня ў меру зычныя выгукі газэтчыкаў, што голасна крычалі чарговую навіну ва ўнутранай політыцы:
«Назначэньне Трэпава старшынёю міністраў»…
VI
ЖНІВЕНЬСКІЯ ДНІ, што адзначылі сабою кульмінацыйны ўздым вайсковых падзей 1916 году, зьмяніліся зацяжнымі асеньнімі навінамі з фронту. Навееныя брусілаўскім