Яна разам з Рыгорам устанавіла ацэнку містыфікацыі грамадзкіх настрояў.
Няхай уведаюць яе тыя, ад каго праўда схавана.
Выступленьне Румыніі суліць новыя жахі зацягнутай вайны.
З-за высокіх муроў сталіцы пазірае здань трэцяе зімы.
Агалелы, змучаны франтавік мусіцьме зноў курчыцца ў холадзе і ў голадзе, у мокрых ды гразкіх акопах.
Акопы, а ня дом чакаюць вылечаных у лазарэце.
Тыф і халера.
Адкідкі ў гасьцінцах.
Модлы пра сьмерць.
Да чаго-ж гэтыя абразы, гэта агіднае «спасі госпадзі», провокацыйнае «ура»?
— Праўда, сястрыца?..
Ліба перадае запытаньне Рыгору.
Бач, і яна не без грамадзкіх абавязкаў.
Іх мала, ды ці-ж Ліба вінавата?
Рыгор упэўнены, што не; Рыгор задаволены жончыным укладам у агульную скарбніцу карыснай працы…
Завод і лазарэт.
Організацыя сіл.
Упартая, сыстэматычная праца —
Змаганьне з вайною.
І цікавае сымптоматычнае лета назадзе.
Яно пражыта для другіх.
— І для сябе?
— Наша шчасьце залежыць ад агульнага.
Ліба пераконана ў гэтым не слабей Рыгора. Як і ён, яна не заўважыла, калі сьветлыя доўгія дні сьціснуліся ў вузкія палоскі сямігадзінных прамежкаў.
Як і ён, яна загубіла пахаладаўшае сонца ў цягучых асеньніх хмарах, у праліўных дажджох.
II
ЦЁПЛЫЯ ДНІ ліпеня і спакойная умеранасьць жніўня рассыпаліся ў руплівай бегатні: Рыгора з дому на завод, з заводу ў харчоўку, адтуль назад, а вечарам — упярэмежку — то на сходы, то ў партыйны комітэт, то на тайныя яўкі.