Далёка наперадзе віднелася вузкая чорная палоска — то была стуленая воддальлю Нява. Яны ўстраглі вачыма ў яе цёмна-сінюю ваду.
— А ты-ж хіба ад таго ня бываў у Пецярбурзе?
— Павер, што ня выпала.
— Ліба колькі раз успамінала цябе.
— Я хацеў-бы спаткацца з ёю… Да рэчы, няўжо яна цябе са спакойнай душою адпусьціла на завод?
— Ліба? Ты жартуеш, Павал? Калі не, то крыўдзіш маю жонку…
— Ня жарты, але раскажаш сёнешні выпадак, — паглядзімо, як Ліба адгукнецца.
Яны незаўважна мінулі дом, у якім была Рыгорава кватэра.
Чырвоная сьцяна суседняга будынку надаўміла Рыгора пра абмылку. Ён схамянуўшыся сплюнуў:
— Аглузьдзеў! Назад!
— Не магу, браток.
— Кінь, Павал!
Рыгор тузнуў таварыша за рукаў, і абое павярнулі назад.
Праз дзесяць хвілін яны ўжо стаялі перад дзьвярыма кватэры, за якімі, паказалася Рыгору, чуўся Лібін голас.
Ён тузнуў за драцяную пятлю, і не абмыліўся… адчыніла Ліба.
— У вас забастоўка?.. Ах, і Павал тут?
— Як бачыце… Рыгор гвалтам прыцягнуў.
Ліба пакінула Паўла і абярнулася зноў да Рыгора.
— Бастуеце?
— Хто табе сказаў?..
— Гаспадыня, толькі вось вярнулася з гораду, дзе даведалася ад знаёмага… Поліцыя нападала на маніфэстацыю?..
Увайшоўшы ў пакой, Рыгор пацьвердзіў праўдзівасьць пачутата Лібаю.
— Так, поліцыя не спазьнілася і на гэты раз.
Павал гіронічна ўсьміхнуўся, паглядзеўшы на Рыгора.
— Дасталося і табе? — настарожліва запытала Ліба.
— Ня так балюча, як сьмярдзюча…
Яна настаражылася і нэрвова праказала:
— Кажы, кажы, Рыгор, у чым справа.