Пад аховаю рукі, зложанай трохкутнікам, насустрач зьвіслай нагайкі, Рыгор мігам прапусьціў памяцьцю рознастайную багатую галярэю знаёмых портрэтаў, асоцыіраваных з коньнікам.
І — прымха!.. балючы ўдар нагайкі спыніў яго думку на Васілі Берагу.
«Няўжо?»
У адзін момант падвоены напор злосьці прыгнуў Рыгора да зямлі, порстка зашавяліў рукамі, уклаўшы ў жменю вырваны з бруку камень і паставіў у позу мятальшчыка дыску.
Наступны момант напружыў Рыгоравы мускулы, якія далі моцны штуршок дапатопнаму прыпасу ў руцэ…
Загуўшы, камень, аднак, не даляцеў да коньніка, які ў гэты час пасьпеў ад’ехаць далёка ад Рыгора.
Абурэньне сьціскала яго істоту і путала ногі, калі Рыгор пайшоў усьцяж ачышчанай ад публікі вуліцай.
Агідны, адваротны вобраз Берага зацямняў яркае сонца і мернаю, надаеднаю траскатнёю конскага капыта калоў у вушы.
Трэба-ж было надацца гэткаму выпадку!
Вярнула.
У нутру грабліся куры.
Рыгор не хацеў сабе дараваць, чаму ўсё сталася так, а ня іначай, чаму ён, кідаючы камень, прамахнуўся.
Хутчэй-бы ўжо Ліба вярнулася з лазарэту і выслухала яго.
Не расказаўшы Лібе — цяжка будзе варочацца ў завод.
«Бадай пасьля абеду я не пайду» — падумаў ён і сьледам пачуў запытаньне:
— Ужо на абед?
Вясёлы, з мяккаю ўхмылкаю на твары, Памыйка адцягнуў на сябе Рыгораў бегаючы ўзрок.
— Павал?
— Бачыш, іду да заводу.
— Па мяне?
— А то-ж па каго? Магчыма сёньня паеду ў Менск.
— Чаму ўсё так хутка?
— Служба вымагае… Якім чынам, скажы, ты апынуўся на заводзе? Ласьне з Стукалкавых рэкомэндацый нічога ня выйшла?
— Я імі не карыстаўся.