лася цёплымі, таварыскімі гутаркамі, урыўнай ласкай, адзнаньнем сур’ёзнасьці моманту.
Абое дзяліліся адзін з другім сваімі думкамі і намерамі пра політычна-грамадзкія пытаньні, з увагай выслухвалі парады, аднак наўзьдзіў мала чапалі сямейныя ўзаемаадносіны. Для іх ня было месца. Яны выглядалі нагэтулькі яснымі і зразумелымі, што абгавор іх нічога новага ня прыдаў-бы.
З дакумантамі абышлося наўзьдзіў гладка. Гаспадары кватэры маўкліва прагледзелі дакуманты чыноўніка і сястры, прапісалі ў вучастку і вярнулі, якімі ўзялі.
Хто гэткія Рыгор з Лібаю — мэрам-бы гаспадароў не датычала. Яны бралі за пяцісажнёвы пакой з параю ложкаў, сталом і чатырма крэсламі дваццаць пяць рублёў у месяц і акуратна складалі грошы ў балянс сваіх мізэрных зваротаў.
Па-за гэтым іх стасункі з кватарантамі абмяжоўваліся рэдкім абменам ранішняга прывітаньня ды вячэрняга разьвітаньня. Між гэтых момантаў гаспадыня моўчкі падмятала пакой, абцірала стол і крэслы і адчыняла акно. Яна, праўда, яшчэ адчыняла дзьверы тым, хто прыходзіў да Рыгора з Лібаю. Вось у гэтыя разы цікавасьць да кватарантаў як-бы некалькі паднімалася. Але наведвачы выходзілі, і цікавасьць гаспадыні асядала на ранейшы ўзровень…
Гаспадар кватэры быў зусім чужым ды амаль што незнаёмым ні Рыгору, ні Лібе. Лёкайства ў рэсторане паглынала яго ўвесь час і яго цікавасьць.
Запытаньне ў Думе і заўзяты яго абгавор Лібаю ўпяршыню даў повад гаспадыні кватэры ўмяшацца ў іх гутарку.
— Будуць баставаць, калі няма чаго есьці. Без яды не напрацуеш! То-ж падумаць — вачавідкі ўсё гіне. Да чаго толькі гэта дойдзе! — нэрвавала гаспадыня.
Калі Ліба намякнула пра скутак, які, па яе думках, прынясе надышоўшае становішча, гаспадыня спагадліва праказала:
— І добра было-б, а то занадта ўжо зазналіся… На мой розум, дык-бы я…
На гаспадынін жаль, яе першую гутарку з кватаранткаю абарвалі чыесьці галосныя крыкі якраз перад акном Рыгоравага пакою.
Гаспадыня вярнулася да сябе і толькі назаўтра раніцою падпільнавала Лібу, каб паведаміць ёй, што ўчора, на ліха, на