— На заводзе Сямёнава… Калі хочаш, я буду гаварыць…
Рашучы мах рукі правёў лінію, праз якую Рыгор ня думаў пераступаць.
— Шкада, што ты раней ня прыехаў…
Лічачы пытаньне з месцам вырашаным, Анікей перайшоў да іншай тэмы.
— Гэта зіма была надзвычай багатай забастоўкамі. Я сам не чакаў таго… Некаторыя заводы баставалі па некалькі раз. Пры гэтым, настроі рабочых… я табе кажу… анцік… Вось толькі апошнімі днямі крыху прыціхла, ды не надоўга — бачыцьмеш…
— Я з большага ведаў… Ведаў і прогся ў Пецярбург, як магамэтанін у Мекку… І скажу — хоць позна, але рад, што зноў тут.
У пакой увайшла Ліба. Расчырвоненая паветрам, яна пыхала здароўем і сілай. Сталіца ўплыла на яе асьвяжаюча.
— Сустрэла свайго доктара на Неўскім. Запрашаў назаўтра зьявіцца да яго, — задаволена паведаміла яна. — Працуе ён у лазарэце на Васільлеўскім…
— На Васільлеўскім?
Анікей паглядзеў на Лібу.
— Вы чаму гэта пытаеце?
— Рыгора туды прочу на прапу.
— Гэта-ж куды?
— Хоча на завод.
Ліба кранула Рыгора за руку.
— Рашыў такі на завод?
— Надаела мне, Ліба, чыноўніцкая служба. Цягне да жывых людзей…
— Ды мне… мне яшчэ прыемней гэта, — пасьпяшыла заверыць Ліба.
— З твайго блаславеньня заўтра-ж пайду на разьведы.
— Калі ласка.
Анікею спадабалася Лібіна падатлівасьць. Ён не чакаў ад яе той суладнасьці, якая пры першай стрэчы ні ў чым не зьяўлялася, а зараз выразна сьвяцілася ў кабецінай мілай ухмылцы.
Гэта Лібіна ўхмылка была прычынаю для госьця на многа даўжэй працягнуць сваё аставаньне ў Рыговарым пакоі.