Рамізьнік адказу не атрымаў: і Рыгор і Ліба накіравалі ўвагу на вялікую грамаду сялян, якія павольна заварочвалі на Гарохавую вуліцу. Дзесяткі пешаходаў таксама спыніліся, каб на іх паглядзець. Каравыя паўшубкі, падрыпаныя лапці, магеркі і аблезлыя каўпакі, торбы за плячыма і пры бакох, доўгія кіі — павейвалі вострай экзотыкай. Гэта экзотыка, аднак, хавала ў сабе непазбыўнае гора змардаваных валацужнікаў. Рыгору было зразумела, адкуль, і што гэты людзі, з якою мэтаю яны ўступілі на паламаны сталічны брук і куды іх вядзе балючы клопат надзенных інтарэсаў. Можа ня гэтых, але падобных, іх землякоў, аднавяскоўцаў, часамі родных ён сустракаў і праводзіў тысячамі і дзесяткамі тысяч у Ступінскіх прысадах. Іх, а мо’ суседзяў ці блізкіх Рыгор бачыў год таму назад на Знаменскай; спатыкаў іх па дарозе з Пецярбургу да Ступак, па цесных і смуродных вакзалах, па сьцежках ды дарожках разбуранай краіны. Вось ужо каля двух год, як яны мераюць зямлю, стукаюць у запёртыя дзьверы няпрыветных дамоў, гутараць з нячулымі людзьмі пра сваё гора. Два гады — нясупыннага выгнаньня, лютага зьдзеку! Колькі іх прайшло па многалікіх вуліцах сталіцы! Дзе яны супыняцца?
— Бачыла?
Ліба глыбока ўздыхнула.
— Ці скора готэль?
—Рамізьнік абярнуўся да Лібы і асьцярожліва праказаў:
— Сястрыца, ласьне можна не надбавіць за гэткі доўгі прагон?
Ліба паглядзела на Рыгора.
У гэты момант ён заўзята махаў рукою ў бок тротуару.
Гэта зацікавіла Лібу і яна накіравала ўзрокі ў чорную раскалыханую істужку пешаходаў.
VII
ЛІБА ЎЖО ПРАЙШЛА ў вяртлявыя дзьверы готэлю, а Рыгор расплачваўся з рамізьнікам, калі да іх падышоў Міхась Камар.
— Паверыш, не пазнаў… Ты завеш, а я думаю і ня веру — няўжо Рыгор?.. Адкуль, скажы, цябе прынясло? Ды ўдваіх? Знаёмая, ці жонка? Адарваўся і ні гуку. Не спадзяваўся з цябе гэтага, Рыгор… Як жывеш?