Усе ўтраіх яны кінуліся да Рыгора з Лібай і павыцягалі з іх рук клункі. Аднеквацца ня было як, бо Анікей з таварышамі порстка пашыліся ў вакзал першымі.
— Ты, брат компэнсаваў нас! — казаў Анікей, знаёмячы сваіх таварышоў з Рыгорам ды з Лібай. — А то не хацелася вяртацца дамоў…
Сэнс Анікеевага сказу быў цёмным для Рыгора.
Ён зьдзіўлена паглядзеў таварышу ў вочы.
— Так, так… Не сьмяюся… Мы правялі Якава Гіса, а сустрэлі цябе. Натура пустаты ня церпіць… Ха-ха-ха! Ня праўда, мо’?
Адзін з новых знаёмых весела ўсьміхнуўся.
— Куды-ж Якаў паехаў? — пацікавіўся Рыгор.
— Яго паехалі… На тылавыя работы паслалі ў бок Менску.
— Нават? Як, усё-ткі, крыжуюцца дарогі!
— Бачыш… Прыпяклі беднага: болей году сядзеў, а на закуску — дысцыплінарная кара…
Першая пецярбурская навіна была далёка ад вясёлай. Гісторыя з Гісам перавярнула ў Рыгоравым нутры сформаванае дарогаю пачуцьцё.
— Яшчэ не лягчэй.
Ён задуменна глядзеў у акно, за якім узьнімалася ўгору сьвежа-пафарбаваная сьцяна высокага будынку.
— Гэта ўжо мне не падабаецца!
— А каму падабацьмецца! Ды што-ж парадзіш… Бедны Якаў — ня ўзялі на ўвагу і яго абаронства…
Ліба пераняла мужаву гутарку настойваньнем:
— Паедзем. У памяшканьні будзеш думаць… Рыгор!
— Куды-ж вы думаеце ехаць? Мо’ часамі на старую кватэру?
Рыгор адмоўна матнуў рукою.
— Раней дзе-кольвечы да готэлю, а пасьля ўжо прыдзецца шукаць сталай кватэры… Мо’, часамі, маеш на воку?
Анікей падумаў і пераглянуўся са знаёмымі.
— Цяперака з гэтай справай нялёгка… Усё-ж, я думаю, можна будзе знайсьці…
Яны накіравалі да выйсьця.
На сходах двое таварышоў Анікея разьвіталіся і пабеглі да падасьпеўшага трамваю.