— Волька падвяла… Кабета дажывае апошнія дні…
— Я цябе не разумею! У чым справа? Яна мяне праводзіла здаровай ды вясёлай.
— Вось тое і то, а раптам хапілі лёгкія, горла… Ды што казаць!..
—Сёмка безнадзейна матнуў рукою.
— Каб ня дзеці, а то — прапашчы чалавек. Што я з імі чыніцьму?.. Дрэнь справа. Маці была-б дужэйшай, а то і старая аднэй нагою ў магіле…
— Яна ляжыць у вас? — пацікавілася Ліба не без спагады ў голасе.
— Лежма…
Ён паглядзеў у акно, за якім бліснула сьвятло ліхтара.
— Выбачце… Неяк выходзіць, мэрам-бы я прыехаў са скаргаю… А, між тым, мне хацелася іншага…
— Кінь!
— Так, так… папершае, я хацеў прасіць цябе, калі ў мяне працягнецца нейкі час бяз дрэнных прыгод — заві мяне да сябе… Паверыш — захацелася ў горад. Зямля, вёска — мяне падвялі. З ахвотаю пажыў-бы нейкі час у горадзе… Хочацца аднавіць мінулую чыннасьць… Сьмяешся? І мне сьмешна, тым ня менш… Абяцаеш?
— Я еду ў Пецярбург!
— Ізноў?
— Ізноў!
Сёмка ўздыхнуў і ўперыўся ўзрокам у Рыгора.
— Туды-б — ды ці давядзецца!..
— Ня руч.
— Наўрад… А хоць-бы сволач тую напаткаў, Бросьню гэтага… Казалі, нібы ён апынуўся ўжо ў Пецярбурзе…
Успамін пра гісторыю з Рудольфам Шульцам перамяніў настрой абодвых. Рыгор задумаўся і няўважна выслухаў пераказ Сёмкі і адыгранай у атрадзе трагедыі. Забойства Рудольфа ўздымала ў Рыгора цяжкае пачуцьцё абурэньня і мучыла безадплатнасьцю забойцы.
— У Пецярбурзе пашукаем…
— Заві мяне — дваім будзе лягчэй знайсьці.
Таварыскае завярэньне, што даў яго Рыгор Сёмку, выклікала паўтор нядаўна прапяянага Сёмкам мотыву.