— Што?
— Тое, якое дае мне магчымасьць перавясьціся ў Пецярбург. Сёньня ордынатар нашага лазарэту запрапанаваў нам перабрацца да яго ў Пецярбург. Ён пераводзіцца туды на службу… І я дала згоду першай… Добра зрабіла?
— Першай? Добра.
— А мо табе не падабаецца?
— Што ты, Ліба, кінь… Я вельмі задаволены гэтым, бо і самому ёсьць падобная пропозыцыя…
— Ад каго? Скажы!
Рыгор падаў Лібе Анікееў ліст.
Яна прагна накінулася на яго і прачытала ад слова да слова.
— Анікей Кузін? Гэта той, што ты мяне з ім каля заводу пазнаёміў?
— Так… Добры таварыш… Каб і хацеў ня любіць — нельга… І зацяты барацьбіт…
Ліба праверыла яго словы па характары лісту.
— Мне падабаецца, Рыгор, гэты твой таварыш…
— Толькі гэта і падабаецца?
— Кінь, Рыгор… Табе пара мяне выведаць, як мае быць. Ты любіш жартаваць, а мне здаецца…
Мужняя шчырая ласка папярэдзіла кабеціну гняўлівасьць.
— Калі-б ты мог прыгатавацца да ад’езду?..
Рыгор падумаў.
Яго ўзрок накіраваў да пачырвоненага захаду, а думкі — у наступнае.
«Калі-б ён мог прыгатавацца да ад’езду».
Ужо гэта пытаньне ня ўпіралася амаль што ў жадныя перашкоды. Тым ня меней ён ня мог вызначыць тэрміну для падобнага кроку.
— Я ня думаю, каб нам прыйшлося доўга зьбірацца, — адказаў Рыгор.
— Мне так хацелася быць у Пецярбурзе да Першага мая, — выказала свае пажаданьні Ліба.
— Мне думаецца, што гэта магчыма…
Далей гутарка незаўважна для абоіх перайшла на іншыя тэмы.