Зосіна трагедыя хвілін пяць непарушна трымала Рыгора на адным месцы. Ён чуў, што нябачныя ніткі яе шавеляцца пад грудзянаю клеткаю, але не хацеў паддавацца сантымэнтальнаму настрою.
Патушыўшы лямпу, ён выйшаў з пакою.
— Вы скора вернецеся? — пераняла яго на калідоры гаспадыня.
— Не забаўлюся… А я вам трэба?
— За вамі ў даўгу гарбата.
— Памятаю… не дарую…
Гаспадыня ветліва паківала галавою, праводзячы пасуседа ўмільнымі ўзрокамі.
«Разумная галава», паатэставала яна Рыгора і мэрам-бы спалохалася, пачуўшы зьнянацку стук дзьвярэй.
Знадворку вайшло трое чалавек, з якіх адзін быў Рыгор, другі Сроль і трэці — Павал Памыйка, рабочы з мясцовай сьлясарнай майстэрні Шульца.
Яны ў адзін голас прывіталіся з гаспадыняй і прайшлі ў Рыгораў пакой. Цішыня, што ахутвала яго бяз Рыгора і пры Рыгору — патанула ў рэзвым маладым гомане.
З гэтага гоману выплыў Рыгораў жарт, пасланы да гаспадыні:
— Папрашу ваш доўг з процантам.
VIII
РЫГОР СТАЎ НА ПРАЦУ ў дзесяты дзень па сваім прыезьдзе ў Смагін. Яго прынялі ў сьлясарскую майстэрню немца Карла-Людвіга Шульца.
Майстэрня Шульца лічылася першаю ў Смагіне і па вартасьці вырабу і па якасьці ўнутраных распарадкаў. Яна была і экономічна мацней ад іншых. Гэта асаблівасьць зьяўлялася скуткам растаропу і пракіднасьці яе гаспадара. Спачатку Шульц цярпеў ад недахопу кліентаў, але хутка яго справы пайшлі ўгору. У кароткі тэрмін найшлося шмат заказчыкаў, праца разгарнулася, пагнаўшы майстэрню на рост.
Ужо на сходзе першага году Шульц ня мог справіцца з заказамі і пераняў ад сваіх колегаў-гаспадароў дваіх чаляднікаў.
На другі год яго майстэрня вырасла яшчэ на дваіх чалавек.