ці другі горад, як я на Пецярбург… Але гэта не на заўсёды — гэта выключна на даны час… Зараз Менск — ня Менск, а вайсковы лягер. Ну, а нашая партыйная праца тутка, ты сам разумееш, ня можа мяне задаволіць.
— Маеш рацыю… Ты пасудзі сам — Менск нічым не адгукнуўся на гадавіну 9 студзеня, а Пецярбург… Там баставала звыш пяцідзесяці тысяч рабочых… Ты чуў гэта? Надоечы прыехаў адтуль адзін рабочы і казаў мне… Гэтак што Пецярбург…
Паведамленьне Сімана пра студзеньскія забастоўкі ў Пецярбурзе аднавілі ў Рыгора радаснае пачуцьцё. Ён уверанай хадою прайшоўся па пакоі і пацёр ад здавальненьня рукі.
— Ты калі атрымаў гэтыя весткі?
— Учора вечарам.
Пытальны ўзрок Рыгора спыніўся на Лібе:
— Чула навіны?
— Я табе ня раз казала, што цябе…
— Ты толькі, Ліба, не нэрвуй… Хочаш выехаць — выедзем… Але-ж ты павінна памятаць, што гэта ня так лёгка… і ты і я — абое мы зьвязаны службаю, а ў адносінах да мяне маюцца і іншыя прычыны… Няўжо ты думаеш я знарок цябе марыную тут… Альбо шкадую пакідаць сваіх маёнткаў…
Лібіна рука, крануўшы Рыгоравай шчакі, выявіла жончыну ласку да мужа і гэтым згладзіла паўстаўшую шурпатасьць ў іх адносінах.
— Разумею цябе, Рыгор. Калі я кажу так, то зусім ня маю ў воку сёнешні, або заўтрашні дні… Мяне… ды ці ты-ж ня ведаеш… забівае мая служба…
— А хто цябе прымушае служыць?
Сіман быў радцаю і супакоіў абодвых:
— Не палічэце мяне падбухторшчыкам…
Гэтага, зразумела, ні Рыгор ні Ліба ня думалі.
Сіман лічыўся іх ганаровым госьцем. Яго гутарка запаўняла іхныя разважаньні, яго рада была таварыскім пажаданьнем. Хто ў гэтым сумняваўся?
Сіман таксама зьяўляўся і чулым перадатчыкам таго, што дыктавала і Рыгору і Лібе іх нездаволенасьць менскаю провінцыяльнасьцю. Гэта нездаволенасьць дзень-ата-дня абвастралася. Скуткам іх была наступная споведзь Рыгора перад таварышом.