Сьледам, ня даўшы Рыгору павярнуць галавы, порсткая рука прасунулася яму пад паху.
— Ну, якавы справы?
Ліба была ў вясёлым настроі і ласкава зазірала Рыгору ў твар.
— Я сёньня проста шчасьлівая — гэта-ж цэлы полудзень у маім распараджэньні.
— Якім-жа чынам табе падшанцавала?
— Выпісалі з майго аддзяленьня да дваццаці чалавек.
— А ўсё-ж засталося ў лазарэце людзей?..
— Алеся даглядае за імі… Ну, а як твае справы? Што-ж ты ня кажаш нічога?
— У панядзелак іду на службу.
— А працу вызначылі?
— Знойдзецца. Ёсьць некалькі месц, на выбар… Ці-ж у гэтым рэч?
— Твая справа… Прынамсі, за гэтыя дні варта было-б падшукаць новую кватэру… Ты пра гэта ня думаў?
Рыгор паціснуў Лібіну руку і жартаўліва праказаў:
— Не пасьпеў пакуль, мая дбайная гаспадынька…
— Ня тое, што…
Рыгоравы жарты выклікалі на Лібіным твары лёгкія ўспыхі сарамлівае ружы.
— Разумею цябе і згодзен з табою цалкам… Асноўнае зроблена, а там усё пойдзе сваёй чаргою… Ці не пара было-б абедаць?
— Давай пойдзем!
Яны завярнулі ў знаёмы Рыгору завулак.
X
— ЯК, ПА-ТВОЙМУ, Ліба, так будзе нічога? А можа пасунуць яшчэ крыху да акна? Толькі не даставацьме шнур. Няхай стаіць так…
Рыгор адступіўся да кушэткі, на якой сядзела Ліба, з газэтаю ў руках, і паглядзеў адтуль на распалажэньне стала.
З правага акна, на паколаных шыбах якога ляжаў тоўстым пластом сьнег, падала сталёвая паласа сьвятла. Востры рог прыаконьніка роўнай лінейкай адразаў яго правую палавіну. Стажок