Салдаты ішлі каля дзесяці хвілін, і цеганіна іх праходу прыцягала да сябе Рыгораву ўвагу. Ён не адхіляўся ад акна, настарожана слухаючы заціхаўшыя водгукі тупату і песьні.
Уваход Лібы застаўся яму незаўважаным. І толькі асьцярожліва-далікатны яе штуршок вывеў Рыгора з нярухомасьці.
— Думаеш? Пра вошта ты думаеш?
Ліба палажыла яму на плячо руку і ўмільна, ласкава паглядзела яму ў вочы.
— Паабедаў?
— Нічога, харчоўка ня дрэнная.
— Але дзе ты быў так доўга? Няўжо праседзеў у харчоўцы? Чакала я, чакала і не дачакалася.
Рыгор гасьцінна засьмяяўся.
— У харчоўні праседзеў каля трох гадзін.
— З якое гэта прычыны?
— Меў цікавую стрэчу…
— Няўжо?.. Давай сядзем…
Яны адступіліся да ложку і ўселіся побач.
— Я выпадкам напаткаў Сімана Галаса.
— ?!
Лібін твар абярнуўся ў зьдзіўленае запытаньне.
— Ён і жаніўся тут.
— Жаніўся? Што-а ты-ы ка-жа-аш?
— З Златаю Мельнік.
Паведамленьне Рыгора да таго захапіла Лібу, што яна выйшла з ранейшага настрою, устала і пачала тупаць па пакоі.
— Ніколі не паверыла-б, каб хто сказаў мне гэта… — паціскала яна плячыма і расьсеена кідала ва ўсе бакі ўзрокамі.
— Сіман і Злата! Ха-ха-ха! і ў Менску? Але-ж чаму мне не давялося ні з водным з іх стрэцца? Цікава! Што-ж хаця робіць Галас? Не казаў?
Рыгор падзяліўся з Лібаю апісаньнем стрэчы перш са Златаю, а пасьля з Сіманам, гутаркамі з імі і заключыў двуслоўным сказам:
— Закон жыцьця!
Лібе гэтага было мала; яна не пакідала гутаркі пра Сімана Галаса датуль, пакуль уваход у пакой гаспадыні кватэры не зьмяніў яе тэмы.