Рыгор загадзя прыгатаваў фурману дробных і сваячасова намерыўся ўставаць, толькі конскія падковы бразнулі па прыстанцыйным бруку.
— Вам пасобіць? — запытаў Рыгора фурман.
— Не, не, не! Спраўлюся сам. Дзякуй, браток! Вяртайся ў двор.
Рыгор перадаў яму некалькі срэбных манет.
Фурман спрытна схаваў іх у кішэню і ўзяў пад казырок.
— Шчасьліва даехаць!.. Сьпяшайцеся браць білет, а то скора прыдзе цягнік, — парадзіў ён у аддзяку.
Рыгоравы крокі заглухлі ў конскім тупаце і ў стуку калёс.
VI
ЛІБА НЯЎВЕРАНАЮ ХАДОЮ накіроўвала да Віленскага вакзалу. Выходзячы з Падгорнай, яна паглядзела на гадзіньнік. Няўжо сапсаваўся? Ці можа яна зарана выйшла? Да цягніка — добрая гадзіна… Ды што цягнік? Ласьне ўчора і пазаўчора яна таксама ня прыходзіла да яго прыбыцьця, пільна прапускала ўсіх прывезеных ім пасажыраў і з тым, што прыйшла, варочалася назад? Напэўна Рыгора нешта затрымала ў атрадзе. Іначай-бы ён ужо быў у Менску… А можа?..
Зялёныя дрэвы Каломенскага бульвара манілі на вольныя месцы незамешчаных лавак. «Лепей пасядзець з паўгадзіны, ніж варочацца ў лазарэт».
Яна накіравала праз вуліцу да бульвару, калі яе пазвалі:
— Сястрыца, выбачайце!
Ліба ўздрыганула ад нечаканасьці і спынілася. Агледзецца назад было позна, бо гукаўшы мужчына ў форме чыноўніка дарожнага ведамства, тут-жа, збоку яе, браў пад казырок.
— Здаецца, ня мыляюся?
— Што вам ад мяне патрэбна? — нездаволена запытала Ліба, гледзячы ад чыноўніка.
— Я перапрашаю…
І ці-то жаночая падатлівасьць перад мужчынаю, ці інстынктыўнае адчуваньне знаёмае ноткі ў голасе чыноўніка, а мо’ іншае нешта прымусіла Лібу ўважліва паглядзець яму ў твар.
«Ох, гэта твар Паўла?»
— Ды вы ня хочаце са мною гаварыць?