— Кінь скромнічаць…
— І вось тры месяцы, як я палонны. Палонным унтэр-офіцэрам… Заслужыў пад Вэрдэнам… Два месяцы трымалі ў Смаленску, пасьля перакінулі ў Менск… Ці варта казаць пра становішча палоннага? Ты сам бачыў…
Рудольф матнуў рукою і падняўся з крэсла.
— А цяпер дзякую, браце, за ўсё — і пайду… Дык вось гісторыя апошняга году майго жыцьця, — праказаў ён, выходзячы з пакою: — пачуць-бы тваю?
— Раскажу!.. Тут знойдам часу — гэта не пад Вэрдэнам… Яшчэ-ж твае куфэркі ў Пецярбурзе…
— У Пецярбурзе-э?
— Цэлы!
Браскотка вартавога скрала апошні сказ Рыгора.
Рудольф схаваўся ў цемені ночы.
V
ШЭРЫ ЗОЛАК затуманенае раніцы абяліў невялічкае акенца Рыгоравага пакою. Мокрае, пачарнеўшае, а дзе і рудаватае лісьце вольх атрахала буйныя каплі вады. Панікла віселі жоўтыя ды чырвоныя вяргіні, гледзячы ў абгрызаныя галовы капусты. Лапатаў крыльлямі раскатурханы певень. Вось ён голасна засьпяваў ды напалохаў прабягаўшага разораю сабаку. Сабака падняў голаў да седала і адказаў патройным брэхам.
— Не даюць спаць, каб яны падохлі, — скрозь сон вылаяўся Рыгор і павярнуўся на другі бок.
Але толькі на момант зьнябыўся, як пастукалі ў дзьверы.
— Хто там?
— Можна?
У запытаньні зьліліся два розных галасы, якіх Рыгор не разабраў.
— Я зараз, — адказаў ён і падняўся.
Праз хвілін пяць стук паўтарыўся.
Хутка апранаючы жукетку, Рыгор адапёр дзьверы.
— Уваходзьце!
— Ты, пэўна, думаў, што гэта гаспадыня? — праказаў увайшоўшы пярэднім Сёмка.
— А, прызнацца, не пазнаў, хто за дзьвярыма.