Зьдзіўлены нечаканасьцю гэтага, Рыгор зрабіў крок да абазваўшага.
— Рудольф?
— Так, я!
Суцешная ўхмылка заліла твар палоннага. Пачуцьцё таварыскасьці перамагло баязьлівасьць дысцыпліны, і ён працягнуў Рыгору руку.
Дзесяткі вачэй пільна сачылі за нязвычайным здарэньнем.
Нярухома стаяў унтар, ня спускаючы рукі з-пад казырка і балюча перажываючы бачанае перад сабою.
— Вольна! Вядзі палонных па назначэньні! А з гэтым пайду я! — распарадзіўся Рыгор.
— Шш-агг-ам, арш! — хвалюючыся скомандаваў конвойны, і колёна гучна адбіла першы крок, заглушыўшы ім стук дзьвярэй канцылярыі, праз якія выбег на ганак кіраўнік работ.
— На адну хвілінку! — пазваў ён Рыгора, які не пасьпеў з Рудольфам крануцца з месца.
Рыгор падышоў да Провава і ўзяў з яго рук запячатаны ліст.
— А гэты чаго застаўся? — паказаў кіраўнік работ на Рудольфа.
— Гэтага я павяду пад сваім конвоем, — адказаў Рыгор.
— ??
— Дзівіцеся?
— У чым справа?
— Правініўся! — пасьмяяўся Рыгор.
Кіраўнік работ разгубленымі ўзрокамі правёў Рыгора, які на ваччу Провава і дзесяткаў мяшчан узяў Рудольфа пад паху і пайшоў усьлед аддаленай колёны палонных.
Задні конвоец, з вінтоўкаю на плячы, украдчыва азіраўся на іх, не разумеючы наяўнага парушэньня дысцыпліны з Рыгоравага боку.
Ніякавата адчуваў сябе і Рудольф. Ён паскорыў крокі, цягнучы Рыгора і няўверана перагаварваўся з ім. Рыгор пасьмейваўся з адыгранай ім гісторыі.
— Паглядзі, што значыць рашучасьць і сьмеласьць! Мярцьвіць на месцы палахлівых.
— Спрытна… Гэта можна толькі ў Расіі.
— Усюды адно і тое…