Ужо глыбокія раўчукі выглядалі дастатковай перашкодаю для праезду, калі новы абоз бежанцаў супыніўся перад першым радам рабочых.
— Назад, дзядзькі! — выгукнуў адзін з іх.
Падводы адна за другою сталі спыняцца.
Неўзабаве ўсьцяж значнага адгону шляху зграмадзілася каля сотні вазоў. Падняўся крык, які гнаў патрывожаных людзей наперад, да месца, якое перагарадзіла іх дарогу.
— У чым справа-а? — гудзелі дзесяткі галасоў, злосна трасучы ў паветры пугамі ды палкамі.
Рыгор не пасьпеў падняць рукі, каб супакоіць тых, што крычалі, як здаровая палка аднаго з іх апусьцілася на плечы яго суседа. Той крыкнуў і спрытна падняў уверх жалязьняк.
— Пастой! — прытрымаў яго Рыгор.
— А ты, дзядзька…
Селянін, што ўдарыў палкаю, раптам прысьмірэў і пільна ўперыўся ўзрокамі ў Рыгора.
— Рыгор?!. — зьдзіўлена выгукнуў ён.
— Дзядзька Сідар?.. Што з вамі?!..
— Ах, сынок мой, даруй мне, няпрытомнага, — пачаў апраўдвацца селянін, кінуўшыся на Рыгора і павіс ў яго на шыі.
Зацікаўленая здарэньнем грамада сялян некалькі хвілін моўчкі глядзела на Рыгора з Сідарам, пасьля спакойна пачала адыходзіць да сваіх вазоў, якія варочала на папраўлены шлях.
Сідар апошнім адышоў ад рабочых, умольна перапрашаючы пакрыўджанага. На яго зьбянтэжаным твары мясьціўся едкі сорам з бяспомачнай разгубленасьцю.
— Паверыш, Рыгор, я сам не валадаю сабою. Змучаны, прыбіты няшчасьцем, я згубіў сваю людзкасьць… Бачыш, да чаго дайшоў, — паказаў ён на парваныя радняныя порткі. — З Пецярбургу і проста ў дарогу. А куды?.. У дагон за Гэляю… Так і ня чуваць, дзе апынулася яе цела?.. Эх-ха-а! Сыно-ак, мой!
Побач грукацелі зьбітыя колы на новых фашынах. Другі шэры цуг бежанскага каравану ўплываў сваёй галавою ў вузкую прагаліну лесу.
Мо’ на гоны ад іх матнулася ў паветры белая дзеравячына, некалькі раз схіліўшыся да долу. Сьледам да іх дайшоў аслаблены адгонам вокліч:
— …до-а-р-р! Дзі-ы-а!