— Маці памерла?!
Рыгор спалохана прабег вачыма па заседжаным возе — так, мацеры ня было. Ён пачуў, як зьлева пад жукеткаю стала душна і цяжка. Частыя стукі кранутага больлю сэрца разьлівалі душную ўтому па ўсёй яго істоце.
Цёмныя кароны ліп раптам затулілі сьветлыя вокагляды празрыстага дня.
— Такі памерла?
Сёмка спагадліва ў агульных рысах пераказаў Рыгору трагедыю двух сьмерцяў — Рыгоравай мацеры і свайго бацькі — і паглядзеў таварышу ў вочы, — яны туманіліся сьлязьмі.
— Тыфус!
— Хварэла?
— Проста дзіва ды годзе — тры дні! Якісьці асабліва востры і цяжкі.
У Сёмкавым голасе яшчэ не загаіліся болі страты, якая танула ў агульным яго горы.
— Вёрст за дзесяць да Менску пахавалі. У маладым хвойнічку, гэтак крокаў дзесяць ад гасьцінцу… Успамінала цябе і плакала, горка і зацяжна плакала… Волька! Цёткі Стэпы куфэрак на возе?.. Пакінула, што мела, нам… Паглядзіш…
Падвода ўяжджала на дзядзінец, а Рыгор з таварышом мінаў другую палавіну сада.
— Памерла! Небарака!
— Так, нічога не парадзіш!
— Вядома!
Падыходзячы да спыненай падводы, яны ўбачылі, як Волька разгортала шырокую хустку, якую некалі Рыгор прывёз мацеры з Рыгі.
Пабітая на краты, яна пярэсьцілася рознастайнымі фарбамі турэцкіх дэсэняў.
— Во гэта, памятаеш, Рыгор, хустка з Рыгі?
— Бяры на ўспамін, Волька. «Куды-ж мне гэта!» — казала старая.
— Няхай ляжыць, цётка зносць! — абярнуўся Рыгор да Сёмкавай мацеры.
Волька эгарнула хустку, прыгладзіла і на ўзамен вынесла з куфэрка іншыя рэчы.
Старая глядзела на Рыгора і горнілася.