Нядбайны, ганарлівы ківок галавы тэхніка не паварушыў Рыгора.
— Вам прыдзецца дагледзець над укладкаю таўсьцейшых фашын, — прыказна выказаў ён да Рыгора.
— Гэта дзе?
— Мы іх пачнем класьці ад таго канца, дзе пачынаецца загін управа. Абавязкова сачыць, каб між фашынамі і канавай на мэтр аставалася вольнай дарогі… Дзе супяшчанік — там трэба падлажыць цьвярдзейшага грунту. Пры насыпцы мусяць разьбівацца камякі зямлі і выкідацца дзярына…
— Разумею, так…
— Нам заданьне — тэрмінова выправіць гэты вучастак не пазьней палавіны жніўня. А ці-ж пасьпееш з гэтым лікам рабочых? Проваў падаў рапорт аб прысылцы хаця пяцідзесяці чалавек палонных… Ці выпаўніць упраўленьне?.. Ну, якаво ў Пецярбурзе? Ёсьць надзеі на замірэньне?
— Ха-ха-ха! Захацелі — толькі што віталі ўступленьне ў вайну Італіі, а разам…
— Італіі?
Тэхнік сплюнуў.
— Пасобіць вельмі Італія! Цудныя!..
— Во-а, зноў! — гукнула побач іх двое рабочых, якія падняліся з месца і паглядзелі ў бок прысад.
— Дзядзькі, направа!
Доўгі шнур падвод на момант затрымаўся, пасьля пярэдняя завярнула на аб’езную сьценку і за ёю рушылі ўсе.
— Едуць і едуць, днём і ноччу; і калі той канец!..
— Немцы насядаюць…
Сыгнал да працы ў момант падняў на ногі рабочых. Яны густою сьцяною пайшлі да раскіданай дарогі.
У тым месцы, дзе ляжала ўжо з дзесятак фашын, Рыгор дбайліва сачыў за іх далейшай пракладкай.
Час-ад-часу ён адрываўся ад сваіх, далёка яшчэ ня ясных яму абавязкаў, і для цікавасьці пачынаў спрытнымі ўзмахамі жалязьняку выкідаць з канавы цяжкія камякі гліністай зямлі.
— Во-во, так-так! — жартавалі разважныя грабары з Рыгоравай рухавасьці.