лесу шнурок гэтых падвод, паўдугою агінаў заняты чарадою людзей шлях.
Угледзеўшыся, можна было бачыць, як дзесяткі белых сьпін калыхаліся над чорным пластом зямлі; камякі яе нясупынна падалі праз голавы налева, адкуль другія цягалі доўгія палены дроў. То ішла фашынізацыя топкага месца шляху.
— Табе ня шкодзіць выслухаць парадак тваіх абавязкаў! — жартаўліва падаў Павал.
— Са здаваленьнем, таварыш настаўнік, — адказаў Рыгор.
Павал тут-жа ўзяў сур’ёзны тон і вылажыў Рыгору асновы яго павінасьцяй, як старшага рабочага.
— Ну, пэўна, — дадаў ён, — сёньня ты аддасі дзень на нагляд, на азнаямленьне.
— Калі сьцерплю абмежавацца гэтым.
— А чаму? Хочам разьмяць сьпіну? Проша — ёсьць на чым…
«Ррааз-з, яшчэ рра-азз!» даняслося з граніцы лесу.
Тыя, што капалі, раптам пакінулі лапаты і настаражыліся. Усё-ж амаль ніхто не адвярнуўся на пад’ехаўшых Рыгора з Паўлам.
«Ззы-ых! Гр-р-р-р!» парвала надышоўшую цішу і гулкім рэхам разьляцелася па лесе.
Грабары, як па ўказцы, зноў замахалі лапатамі.
Рыгор з Паўлам накіраваліся ў лес.
— Латошаць лес, як траву! — пашкадаваў Павал.
— Што-ж, лес сякуць — трэскі лятуць! Ці ў лесе справа! Лес — то трэскі, а вось людзі…
Да іх падбліжалася грамада рабочых, якія цягнулі на круглякох здаровую роўную хваіну.
«Нну-у, яшчэ-э! Рразамм, ггг!»
Тоўстыя вужышчы напіналіся да адказу — хвоя на локаць няслася стырчма ў густыя кусты тонкага дубцоўя.
Крыху далей шастала пілка і адлічваліся гулкія ўдары сякер. Нейчы хрыплівы голас заводзіў «дубінушку». Уторам яму былі траскатня і ломка.
— Вы абагнеце ўлева, а то, чаго добрага, як хвасяне!..
Рыгор азірнуўся на казаўшага і раптам закрычаў:
— Сто-ай!
Яму адгукнуўся зацяжны востры енк:
— А-ай-і-ы!