— Гэтага мала. Мы павінны…
Тут-жа Рыгор выняў з кішэні кусочак паперы і карандаш і ўсьпешку напісаў:
«У бежанскі комітэт. Пецярбург, Знаменская. Калі ласка, прымеце гэтага старога на дагляд у комітэце. Ён таксама бежанец, як і другія і ня мае дзе прытуліцца. Буду дзякаваць. Нязвычны».
Загарнуўшы ў напісаную цыдульку зьмятую траячку, ёй падаў гэта Каралю і папрасіў старога:
— Купляйце білет і едзьце ў Пецярбург. Там мо’ знойдзеце прытулынае месца для адпачынку.
Караль тым-жа кіўком галавы падзякаваў Рыгора і завярнуў да вакзалу.
Адышоўшы крокаў пяць, ён раптам вярнуўся назад, паглядзеў на тое месца, дзе толькі што стаяў аколеным людзьмі, і памахаў старэчаю рукою на акно вагонаў.
Рыгор з таварышамі не заўважыў гэтае сцэны. У гэты момант яны пільна глядзелі на грамаду людзей, якая гамузам выпірала на пэрон з трэцяе клясы вакзалу. Другі званок, саладжава сярэбранай палоскай пралёгшы ўсьцяж цягніка, мэрам-бы затрымаў яе пры сьцяне вакзальнага будынку.
Людзі выраўняліся пярэднімі радамі ў стройную шарэнгу. Праглівыя ўзрокі іх вачэй, атуленых, як у аднаго, густымі брывамі зьверху, а гусьцейшымі бакамі збакоў і зьнізу, стромка падалі на цягнік.
Раптам выразная фігура жандара ў справоджаньні якіхсьці станцыйных чыноўнікаў разважліва прасунулася паўз грамаду, мэрам-бы падлічаючы колькасьць яе, і зьнікла за рогам будынку. Усьлед яму павярнуліся сотні галоў.
Доўгія бароды пярэдніх зьліліся ў адзін чорна-белы шаль, хвальністымі брыжамі аблёгшы іх вузкія чорныя польты. Ззаду заматаліся рэдкія белыя галкі галоў.
Ужо трэці званок сагнаў пасажыраў з пэрону, калі Рыгор з рушыўшага цягніка ўгледзеў, як грамада людзей кранула з месца, рассыпаючыся па пэроне. Дзесьці за станцыяй прагудзеў гудок цягніка, які сьпяшыў на «Дно».
— Колькі гэтых бежанцаў! а-я-ай! — праходзячы вагонам, ні то сам сабе, ні то ўсім пасажырам паведаміў кондуктар: — кожны дзень хмары. Нашы, палякі, яўрэі — едуць і ідуць, і ідуць і едуць,