кага канца вайны. Пад яго зычнымі блутанымі сказамі лёгка руйнуваліся адна за другою дзяржавы нямецкіх хаўрусьнікаў. Расійскае войска цудоўна вярталася ад рубяжоў Нёману на прускую раўніну, назад у Львоў і Перамышль, да Константынопалю. І каб не падасьпеўшая праверка білетаў — з вуснаў захопленага краснабая яго суседзі пачулі-б шэраг нязбыўных здарэньняў, што маляваў іх прытуплены розум.
Праверка білетаў астудзіла цывільнага гаваруна патрыёта і ён, як ня бывала таго, ізноў ківаўся ў гутарцы перад сваім суседам…
Рыгор, Павал, Ромусь і Генрык стрымлівалі напор сьмеху, зрэдку азіраючыся на няпрошанага размоўніка. Каб не зацягнуць яго ў сваю гутарку паўторна, яны паадварочваліся да акна і ўжо цішэй узьнялі яе працяг.
Ромусь успомніў некалькі выразьнейшых момантаў з іх вастрожнага жыцьця, паведаміў Рыгору пра некаторых агульных знаёмых. Для Ромуся з Генрыкам было зусім нечаканым пачуць ад Рыгора пра Міхася Камара, Артура Цьвібеля і Якава Гіса. Позыцыя першага ў поглядах на мэты вайны і на адносіны да яе збоку рабочага стану, пераказаная Рыгорам, выклікала ў Ромуся і яго таварышоў адмоўную ацэнку.
Сьледам Рыгор паведаміў сваіх рыскіх таварышоў пра ранейшыя і апошнія здарэньні з рабочага жыцьця Пецярбургу і заключыў апавяданьне сваім разьлікам з заводу.
— І зараз вы едзеце дамоў? — пацікавіўся Ромусь.
— О, не! Дзе там! Я еду, вось, з таварышам на службу ў дарожны атрад.
— Чаго-ж, гэта лепей, як на фронт. А мы, — ён азірнуўся на цывільных: — як пацукі папалі ў пастку, каб не командыроўка з палоннымі, магчыма, купалі-б нашы целы спакойныя хвалі Нёману. А зараз, вось, нас пераводзяць у другую часьць — мо’ некі час затрымаемся ў тыле…
— А хто вам перашкаджае пратрымацца як найдаўжэй, — парадзіў Рыгор.
Салдаты спачуваюча ўсьміхнуліся.
— А ўжо-ж, самі ня будам напрашвацца, — прызнаўся Генрык.
Цягнік усьцішаў хаду. Яны ўсе разам згрудзіліся ў акне, ловячы ўзрокамі станцыённыя будынкі.