— Яшчэ-б ня так… А, між іншым, клопату падсыпалі…
— Пляваць… з клопатам…
Рыгор агледзеўся навакола і цішком паведаміў:
— Якава Гіса арыштавалі…
— Ласьне? Калі?
— Учора днём…
— І надало-ж яму…
— А як з нашымі?
— Пакуль ня чуваць…
Яны рушылі з месца і накіравалі ў бліжэйшую харчоўку.
Ужо Анікей ачуўся па-за дзьвярыма яе, калі, ідучы заднім, Рыгор адцягнуўся ўвагаю да пад’ехаўшага паравіка. Ён на хвілю затрымаўся на месцы, спыніўшыся ўзрокам на белай касынцы сястры, якая вылезла з вагону і накіроўвала да тротуару побач з якімсьці вайсковым чыноўнікам.
— Ліба? — заварушылася ў яго галаве, і Рыгор крута павярнуў назад, пайшоўшы ім наператоч.
— Ліба Шлёмаўна? — няўверана падаў ён запытаньне.
Сястра з чыноўнікам азірнуліся на яго.
— Рыгор! Як добра, што мы цябе напаткалі! Павал гэтак прогся цябе ўгледзець!
Чыноўнік бліжэй падышоў да Рыгора і пільна, з лёгкаю ўсьмешкаю зазірнуў яму ў твар.
— Не пазнаеш? Паўла Памыйкі? Смагін — майстарня Шульца. А?
Рыгор баржджэй працягнуў яму руку і зрабіў намер да пацалунку. Павал горача, па-сяброўску сьмелымі нахіламі галавы злучыў свае вусны з Рыгоравымі.
— Паверыш, не пазнаў. Куды-ы там! Пане мой, зусім іншы чалавек. Люба паглядзець! Паправіўся, памаладзеў, папаўнеў… Палкоўнікам?..
Незаўважна падышоўшы да іх, Анікей палажыў Рыгору на плячо руку і праказаў:
— Мы чакаем. Памятаеш, ці забыў?
— Мае знаёмыя і сябры — пазнайся.
Анікей па чарзе падаў руку Лібе ды Паўлу.
— У госьці да Рыгора Міхасевіча.
— Трэба адведаць, — адказала Ліба.
— Шкода, што ня ў добры час.