Палкоўнік дрыжэў ад злосьці і націснуў гузік электрычнага званка, які вёў у занятую пераадзетымі поліцэйскімі контору заводу. І толькі рабочыя сталі пакідаць майстэрню, як палкоўнік сярод першых выйшаў з заводу, і з ганку конторы праводзіў зажмуранымі вачмі выбегшых з засады поліцэйскіх. Але тысячны натоўп рабочых паглынуў іх у сваёй зьлітнай, зьяднанай адзінымі жаданьнямі воляй ды настроем рабочаю гушчаю. Быў-бы няпрытомным той, хто-б не разумеў усяе мізэрнасьці абранага мэтоду змаганьня з рабочымі. Апусьціў голаву і палкоўнік, калі бурлівая паводка іх бесьперашкодна лінула з адчыненае брамы на вуліцу.
Рыгор выходзіў у задніх радох і не прапусьціў наглядаць за разувераным палкоўнікам.
Першае мая пераможна лунала над высокімі закуранымі гмахамі заводу. Яго повей гайдаў рабочым настроем.
У вошта выльлецца гэты настрой заўтрашнім днём?
— Во, глядзі, Рыгор! — супыніў Рыгора Анікей, паказваючы яму на сьвежа-прылепленую на паркане абвестку губарнатара.
Каля абвесткі грамадзілася многа рабочых, якія рознастайнымі рэплікамі адказвалі на застрашваньне іх начальствам. У натоўпе паднімаўся рогат і выгукі.
— Начальства нас не забывае!
— У яго напагатове ўсё!
— І першым дзелам — абвесткі!
— Машына верціцца!
— Контора піша!
— Вайна на два фронты!
— Ды наш-та фронт небясьпечней Заходняга!
— Гэта разумеюць, каму сьлед…
Рыгора хутка адціснулі ўбок і ён згубіў Анікея, не пасьпеўшы згаварыцца пра заўтрашняе спатканьне.
Адышоўшы на другі бок вуліцы, ён перш намерыўся яго пачакаць, адале перадумаў і пайшоў на кватэру.
Пры павароце з Выбарскае шашы паміж яго галопам пранёсься атрад казакаў.
Загудзеўшыя сырэны паднялі Рыгора з ложка. Ён мігам ачуўся каля акна і зьмерыў узрокам разьлёгшую перад ім карціну. Па стрэхах будынкаў, па зелянеючых дрэвах, у паветры і