«Ага, то Сарафіна Хлёраўна»…
«Маці?»
Яшчэ зьбіраецца і, значыць, напэўна, паведамляе сына… Пакутніца.
Машынальна перад Рыгоравымі вачмі паўстаў маленькі кавалачак сьпісанай паперы.
Сёмкаў характар?
Ён. Маці трывожыцца — вясна нясе страшныя весткі.
Сілцы паступова пусьцеюць і яшчэ больш наганяюць сполаху. Сёмка суцяшае Стэпу. Які верны таварыш, што за чулая душа!..
Забілі старшыню Андрэя?
Цікава! Уначы, па дарозе да вурадніка — двума рэвольвэрнымі стрэламі. Забойцы схованы сьляды!
Хто-б то мог гэта зрабіць?
Думаю, што гэта простыя зладзеі з дэзэртыраў, якіх за апошні час поўна ваколіца…
З перапуду грамніцамі пакінулі Сілцы Хлёр Бераг з сям’ёю і Дзямян Квіта — накіравалі на Смаленшчыну. Сьпешна рыхтуюцца ў дарогу і Прыдатныя.
Васіль Бераг дзень-на-дзень чакае мобілізацыі.
Але цікавей усяго — да Сідара Пералаза дайшлі дрэнныя чуткі пра Гэлю…
«Ці ня чуў пра яе, сынок?»
Сідарыха нясуцешна плача, а Сідар мерыцца ехаць у Пецярбург. «Пішы часьцей, Рыгорка». «Твая маці — Стэпа».
Рыгор адлажыў ліст і хвілін з дзесяць праляжаў ціхутка і непарушна, раздумоўваючы. Пасьля раптам падняўся і кінуўся да стала, дзе на відным месцы, разгорнутай, ляжала Гэліна запіска. Няроўныя радкі Гэлінага характару выказвалі роспачныя думкі дзяўчыны.
«Можа я раблю вялікі праступак перад людзьмі, што жывасілам гублю сваё жыцьцё. Я адзнаю, што мой намер ідзе востра насупроць вымаганьня жыцьця. Як-ні-як, а я складаю, хоць і незауважную, а ўсё-ж неад’емную часьціну людзкога колектыву. Ну, іначай зрабіць не магу. Для грамады я бескарысна і непатрэбна, для сябе — вораг. Я — балячка на здаровым целе і мушу стаць адплатаю за сваю няздольнасьць захаваць сябе здаровай і годнай на карысную справу. Цяжка і позна разьбірацца мне ў